Велапатруль зноў з’явіцца на вуліцах Берасця



У Берасці аднаўляе сваю дзейнасць велапатруль. Доўгатэрміновая акцыя будзе праводзіцца маладзёнамі ў межах кампаніі “За вела-Берасце”.

Моладзь кантралюе рух пешаходаў і раварыстаў, тлумачыць, як правільна ажыццяўляецца рух. Велапатруль дзейнічае на цэнтральных вуліцах горада, пешаходы атрымліваюць адмысловыя інфармацыйныя матэрыялы.

„Досвед мінулага года паказаў, што велапатруль – гэта досыць цікавая і патрэбная акцыя”, – адзначыў адзін з каардынатараў кампаніі “За вела-Берасце” Уладзімір Красько:

– Апошнім часам шмат гараджан ігнаруе тыя нешматлікія роварныя сцежкі, якія прызначаны для раварыстаў, пры наяўнасці пешаходнай сцежкі рухаюцца па іх. Наша праца накіравана на тое, каб нагадаць пешаходам, бо яны натуральна пра гэта могуць і не ведаць, што роварныя сцежкі – гэта тыя месцы, якія выдзеленыя для раварыстаў, і лепей не карыстацца імі пры пераходзе таму, што ровар дасягае ў гэтых месцах хуткасці да 40 кіламетраў на гадзіну. Канешне гэта небяспечна, як для пешаходаў, так і для раварыстаў.

„Надзвычай ветліва ставімся да пешаходаў ды імкнемся да таго, каб велапатруль працаваў у такім жа добразычлівым тоне”, –  падвёў рысу Уладзімір Красько.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце