Веласезон у Белавежскай пушчы стартаваў раней



Веласезон ў нацыянальным парку „Белавежская пушча” стартаваў на паўтары месяцы раней, чым звычайна, паведаміла начальнік турыстычнага аддзелу парку Аксана Багалейша. Традыцыйна веласезон ў Белавежскай пушчы пачынаўся 1 красавіка і скончваўся ў лістападзе. Сёлета ў сувязі з цёплым надвор’ем адміністрацыя парку вырашыла даць турыстам магчымасць пракаціцца з ветрыкам па пушчы значна раней звыклых тэрмінаў, піша БелТА.

Па словах кіраўніка тураддзелу, у апошнія гады актыўны адпачынак карыстаецца ўсё большай папулярнасцю ў наведвальнікаў нацыянальнага парку. Так, у 2015 годзе пушчу наведалі каля 27 тыс. веласіпедыстаў – на 7 тыс. больш, чым ў 2014-м. Некаторыя з іх бралі ровары напракат, іншыя мэтанакіравана прыязджалі сюды на сваіх роварах. Сярод іх і больш за 1 тыс. веласіпедыстаў, якія заехалі праз міжнародны пешаходна-веласіпедны пункт пропуску „Перароў-Белавежа”.

Агулам для знаёмства з выдатнымі мясцінамі Белавежскай пушчы ў парку распрацавана сетка з больш за паўтары дзясяткі аўтамабільных, веласіпедных і пешаходных турыстычных маршрутаў і экалагічных сцежак.