Велатурызм ад А да Я
Вядомы беларускі велападарожнік Аляксей Ландрэс наведаў Глыбокае. Сустрэча з ім адбылася ў Глыбоцкім цэнтры дзяцей і моладзі ў межах моладзевага праекта «Кропка росту». Падчас сустрэчы ён распавядаў пра велатурызм ад А да Я і пра апошнія яго доўгатэрміновыя велавандроўкі па краінах Еўропы ды Азіі.
Паводле Аляксея Ландрэса, у гэтым годзе скончылася яго двухгадовая вандроўка па Азіі, падчас якой ён праехаў больш 20 000 кіламетраў і наведаў 20 краін. На яе ён выдаткаваў каля 2 500 даляраў.
– На падарожжа я грошы збіраў самастойна. Стараўся, працаваў, адкладаў. І, у прынцыпе, грошай хапіла. За дзень майго падарожжа выдаткоўваў каля 5 даляраў. Калісьці больш, калісьці менш. 150 даляраў я выдаткоўваў у месяц. І гэта якраз грошы, якія я выдаткоўваў на ежу. Што тычыцца пражывання, то 90% майго падарожжа я начаваў у мясцовых жыхароў. Гэта таксама быў адзін з маіх праектаў – паказаць, што гасцінныя людзі дагэтуль ёсць і не ўсе апантаныя грашыма.
Падчас сваіх вандровак Аляксей Ландрэс ладзіць сустрэчы з іншаземцамі ў розных установах і распавядае ім пра Беларусь. Ён мае на гэта афіцыйныя паперы, падпісаныя міністрам спорту і турызму. А таксама падчас вандровак Аляксей навучае ангельскай мове. Апошнім часам выкладаў яе ў Кітаі, Лаосе, Тайландзе ды Малайзіі.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае
Фота аўтаркі