Velcom будуе найбуйнейшую ў Беларусі сонечную электрастанцыю
Кампанія Velcom запусціць гэтым летам найбуйнейшую ў Беларусі сонечную электрастанцыю. Новы праект рэалізуецца паблізу Брагіна і можа разглядацца як прыклад удзелу прыватнага бізнесу ў развіцці тэрыторый, пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар velcom Гельмут Дуз на прэс-канферэнцыі 28 красавіка ў Менску.
Паводле яго слоў, электрастанцыя будзе ўключаць 85 тысяч сонечных панэляў, якія займаюць тэрыторыю памерам з 80 футбольных палёў. Каб звязаць паміж сабой усе сонечныя модулі, velcom пракладзе каля 800 км кабельных ліній, што супастаўна з адлегласцю ад Мінска да Масквы.
Магутнасць электрастанцыі складзе рэкордныя для беларускіх геліяўстановак 22,3 МВт. Гэтага, напрыклад, больш чым дастаткова для забеспячэння працы ўсёй вячэрняй падсветкі Мінска. Кампанія velcom, паводле слоў гендырэктара, плануе пасля рэалізацыі гэтага праекта аплачваць прыкладна палову свайго рахунку за спажываную электраэнергію.
На яго думку, сонечная энергетыка адкрывае перад краінай шырокія перспектывы. „На поўдні Беларусі каля дзвюх тысяч сонечных гадзін у год, што адпавядае ўзроўню, напрыклад, Крыма”, — адзначыў Дуз.
Разліковы тэрмін акупнасці праекта чатыры-пяць гадоў. „Мы чакаем, што, нягледзячы на дэвальвацыю і інфляцыю, незалежна ад гэтых акалічнасцяў, сонца працягне свяціць”, — сказаў гендырэктар velcom.
Як распавёў Гельмут Дуз, у будаўніцтва сонечнай электрастанцыі velcom укладзе больш за 23 млн. еўра. Кампанія інвестуе не толькі ў сам сонечны парк, але і ў будаўніцтва высакавольтнай лініі з 23 апорамі і трансфарматарам на 110 кВт.
Запуск сонечнай электрастанцыі знізіць залежнасць ад паставак вуглевадароднай сыравіны. Усяго адна гадзіна працы комплексу можа зэканоміць каля 7 тысяч кубаметраў прыроднага газу, які цяпер Беларусь у асноўным імпартуе. Яшчэ адна перавага — высокая экалагічнасць: сонечная электрастанцыя дазваляе звесці да мінімуму шкоду, якая наносіцца навакольнаму асяроддзю.
„Велком” пачаў ажыццяўляць камерцыйную дзейнасць па прадастаўленні паслуг і тавараў мабільнай сувязі з 16 красавіка 1999 года. З лістапада 2007 года velcom уваходзіць у склад холдынгу Telekom Austria Group, аднаго з вядучых тэлекамунікацыйных правайдараў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Колькасць абанентаў velcom перавышае 5 мільёнаў.