Velcom запусціў сонечную электрастанцыю памерам з 60 футбольных палёў
Кампанія velcom паведаміла аб запуску найбуйнейшай у Беларусі сонечнай электрастанцыі, магутнасці якой хопіць на ўключэнне ўсёй вячэрняй падсветкі Менска. Станцыя размясцілася пад Брагінам на пляцоўцы памерам з 60 футбольных палёў. У яе стварэнне было інвеставана 24 млн еўра.
Як паведамляе прэс-рэліз аператара, кожную гадзіну працы парку дазволіць эканоміць ад 7 000 кубаметраў прыроднага газу. Праект павінны былі завяршыць толькі праз чатыры месяцы, аднак інвестары вырашылі скончыць яго хутчэй, каб станцыя паспела папрацаваць сонечнымі летнімі днямі.
Намінальная магутнасць станцыі дасягае 18,48 МВт, яе плошча – 41 гектар, лік сонечных панэляў – 85 000. Пастаянны ток з панэляў у пераменны пераўтвораць 617 інвертар. 10 трансфарматарных падстанцый павышаюць напружанне да 20 кВ, а яшчэ адзін магутны – да 110 кВ, неабходных для перадачы электраэнергіі ў адзіную сетку. Усе панэлі і абсталяванне звязваюць 730 км кабеля. Пабудавана высакавольтная лінія электраперадачы працягласцю 4,5 км з 22 апорамі і трансфарматарам.
Як сцвярджаецца, пляцоўка пад Брагінам была абраная невыпадкова. Парк павінен удыхнуць жыццё ў тэрыторыі, пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і стаць прыкладам таго, як забруджаныя землі могуць быць выкарыстаны ў камерцыйнай дзейнасці і прыносіць карысць мясцовай эканоміцы.