Velcom запусціў тарыфны план для „танкістаў”



Кампанія Velcom запусціла тарыфны план, арыентаваны на прыхільнікаў мабільнай версіі папулярнай анлайн-гульні World of Tanks – World of Tanks Blitz ад кампаніі Wargaming.

272476-World-of-Tanks-Logo-HD-Wallpapers

Як паведаміла 10 верасня на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення маркетынгу кампаніі Velcom Юлія Дайнека, падобны праект узаемадзеяння мабільнага аператара і найбуйнейшага вытворцы анлайн-гульняў рэалізаваны на тэрыторыі СНД упершыню. Яго перспектыўнасць была пацверджаная ў перыяд цяжкасцяў у эканоміцы ў канцы 2014-га – пачатку 2015 года, калі з-за курсавых ваганняў давялося часова згарнуць продаж прылад у растэрміноўку. Пры гэтым продаж планшэтаў Samsung, у падарунак да якіх прыкладаўся віртуальны танк, фактычна не ўпаў.

Новы тарыфны план „WEB танкісты” таксама, паводле слоў Дайнекі, арыентаваны ў першую чаргу на планшэтных карыстальнікаў аперацыйнай сістэмы Android, ён складаецца з SIM-карты і карты з бонус-кодам для World of Tanks Blitz. За 79 тысяч рублёў у месяц абанентам прапануецца безлімітны аб’ём інтэрнэт-трафіку на World of Tanks Blitz, 2 гігабайты інтэрнэт-трафіку для наведвання іншых інтэрнэт-рэсурсаў даецца пры падключэнні і яшчэ столькі ж – штомесяц.

У склад бонус-пакета таксама ўваходзіць падарункавы віртуальны прэміум-танк — савецкі танк А-32. Ён недаступны для продажу ў гульні і даецца выключна ў выглядзе бонусу. Акрамя гэтага, прадугледжаны падарункавы дадатковы слот у ангары і прэміум-акаўнт тэрмінам на сем дзён.

Лімітаваны запуск тарыфнага плана „WEB танкісты” адбудзецца ў суботу, 12 верасня, на „Лініі Сталіна”, дзе кампанія Wargaming будзе святкаваць Дзень танкіста. А з панядзелка пачнецца падключэнне ўсіх ахвотных.

Як паведаміў журналістам аперацыйны прадзюсар World of Tanks Blitz Арцём Сафронаў, за год мабільную версію World of Tanks на свае планшэты і смартфоны ўстанавілі ўжо 35 млн. карыстальнікаў ва ўсім свеце.

World of Tanks Blitz – масавая шматкарыстальніцкая анлайн-гульня для смартфонаў і планшэтаў на базе платформ iOS і Android. Распрацоўшчыкам гульні з’яўляецца беларуская кампанія Wargaming.net, вядомая па распрацоўцы папулярнай ва ўсіх свеце гульні World of Tanks. Канцэпцыя World of Tanks Blitz базуецца на масавых камандных танкавых бітвах часоў Другой сусветнай вайны. Міжнародны рэліз гульні для прылад на базе платформы iOS адбыўся 26 чэрвеня 2014 года, android-версія гульні выйшла 4 снежня 2014 года.

by.belapan.by