Вербная нядзеля ў Глыбокім
У апошнюю нядзелю перад Вялікаднем католікі і пратэстанты адсвяткавалі ўваход Хрыста ў Ерусалім. Гэтае вясновае хрысціянскае свята па-іншаму называецца Пальмовая або Вербная нядзеля. Святкаванне Уваходу Хрыста ў Ерусалім распачалося ў старажытныя часы. Яно прысвечана ўспаміну вядомай евангельскай падзеі, калі Ісус Хрыстос прыйшоў у горад для прыняцця пакут смерці на Крыжы. Тады яго віталі пальмовымі веткамі. Цяпер у храмах на ўспамін уваходу Хрыста ў Ерусалім асвячаюцца галінкі пальмаў ды іншых дрэваў. У Беларусі здаўна прынята асвячаць вярбу.
Як кажа ксёндз-пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім Мікалай Ціхановіч, на гэтае свята ў касцёле збіраюцца вялікія натоўпы людзей, і гэта радуе. Але засмучае тое, што іх прыходзіць значна менш на Пасху.
– Я не разумею вось гэтага ўжо столькі часу. Чаму ў Вербную нядзелю столькі веруючых людзей прыходзіць у храм, а на Пасху іх няма, на жаль? Два разы на год натоўпы народу — гэта Вербная нядзеля і асвячэнне велікодных страваў. Мне здаецца, што ў гэтым вера абсалютна не выражаецца. Для мяне гэта нейкі боль. Людзі прывязваюць увагу больш да Пальмовай нядзелі, а не да пасхальнага часу, не да нядзелі ўваскрасення Ісуса. А кожная нядзеля ў хрысціянскім календары – важнейшая за Вербную, таму што кожную нядзелю мы перажываем уваскрасенне Пана.
15 красавіка, пасля Вербнай нядзелі, распачынаецца Вялікі тыдзень. У гэты час вернікі ўспамінаюць пакуты і смерць Хрыста і рыхтуюцца да свята Яго ўваскрашэння. Вялікдзень католікі і пратэстанты сёлета адзначаць 21 красавіка.
Таццяна Смоткіна