Вернікі адзначаюць Грамніцы
Сёння, 2 лютага, вернікі адзначаюць Свята Сустрэчы Госпада Нашага Ісуса Хрыста, ці Грамніцы. Гэта адно з двунадзесятых святаў, якое згадвае пра сустрэчу Ісуса Хрыста, які пасля сарака дзён ад нараджэння, паводле габрэйскага закону, мог разам з маці з’явіцца ў Храме.
Святар Беларускай грэка-каталіцкае Царквы Андрэй Крот прыводзіць і такое значэнне свята для хрысціянаў.
– Мне вельмі падабаецца народнае тлумачэнне гэтага свята, тое, што зіма сустракаецца з вясною, з летам. Бо яно таксама і біблійнае. Зіма Старога Запавету, калі мы яшчэ не ведалі пра прыйсце Збаўцы, сустракаецца з вясною і летам Новага Запавету, калі мы ўжо чуем, што збаўца нарадзіўся, калі ён ужо пачынае аб’яўляць сябе свету і калі пачынаецца ўласна тая нашая гісторыя збаўлення, якая трошкі раней у нас святкуецца, ад Раства Хрыстовага, але зараз яна ўжо больш глыбока пранікае ў свет.
Свята Грамніцы, ці Стрэчання ва Усходняй традыцыі прыйшло ад 4-га стагоддзя. На Захадзе Еўропы яно распаўсюджвалася да 8-га стагоддзя. Вернікі традыцыйна падчас літургіі асвячаюць грамнічныя свечкі, якія выкарыстоўваюць пры важных падзеях.
– Вельмі важны сімвал гэтага свята – грамнічная свечка, якая для на сімвалізуе, што мы самі павінны гарэць для Бога. Быць такім святлом, якое будзе свяціць і іншым людзям таксама, а па-другое, сімвалізуе таксама Бога, сімвалізуе Хрыста, які прысутны ў нашым свеце, таксама рассвятляе нам цемру гэтага свету, розныя там нашыя непаразуменні, прыкрасці, крыўды, беды. Але ў гэтых бедах і крыўдах гарыць Хрыстос, для нас гарыць святло Божае і паказвае нам, што збаўленне ёсць.
Сустрэчы Божага Сына і Яго Маці з праведным Сімяонам называюць Стрэчаннем.
І менавіта гэтым святам – Грамніцамі завяршаецца цыкл Калядных святаў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара