Вернікі Глыбокага маліліся за ахвяр камуністычнага і фашысцкага рэжымаў



Каля ста каталіцкіх вернікаў Глыбокага маліліся за ахвяр камуністычнага і фашысцкага рэжымаў. Яны сабраліся ва ўрочышчы Барок каля мемарыяльнага комплексу ў памяць расстраляных падчас Другой сусветнай вайны.

 

Там і побач з гэтым месцам падчас вайны і на яе пачатку адбываліся масавыя расстрэлы людзей. Агулам было забіта каля 30 тысяч чалавек. Паводле пробашча парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім Мікалая Ціхановіча, для хрысціянаў 7 лістапада – гэта не свята, а дзень успамінаў пра жахлівыя падзеі тых часоў:

– Ніхто публічна не перапрашаў за грахі гэтага рэжыму ў нашай краіне. Ніхто не пакаяўся за забойствы людзей, за вываз людзей, за рэпрэсіі. Хто гэта будзе чыніць, калі не Касцёл, калі не Царква. Я лічу, гэта наш святы абавязак – перапрашаць Бога.

Да пачатку Другой сусветнай вайны на месцы Глыбоцкай турмы два гады дзейнічала турма НКВД. Сюды сагналі амаль усю мясцовую інтэлігенцыю і палякаў. Перад прыходам немцаў, па звестках старажылаў, каля тысячы расстралялі на месцы. Да паўтары тысячы вязняў забілі пад Улай.

 

Беларускае Радыё Рацыя