Вернікі: Касцёл у Будславе адновіцца, дзякуючы людской салідарнасці



У Будславе ўчора, 11 траўня, гарэў Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – помнік архітэктуры XVII-XVIII стагоддзяў у стылі позняга барока.

Як кажуць сведкі пажару і каталіцкія  вернікі, самае галоўнае, што няма чалавечых ахвяраў і з будынка былі вынесеныя ўсе каштоўныя рэчы. Яны ўпэўненыя, што сам касцёл адновіцца вельмі хутка, дзякуючы людской салідарнасці.

– Тых, хто яўна плакаў і смуткаваў, не было. Хадзілі людзі, займаліся сваёй справай. Гэта нейкі сюррэалізм быў. Магчыма, гэта нейкая ахоўная рэакцыя арганізму была, каб захаваць нервовую сістэму.

– Шчыра кажучы, ледзь сэрца не спынілася. Таму што для мяне гэта вельмі блізка. Я 21 год хадзіла ў Будслаў у пілігрымку. Спужалася, вельмі стала цяжка, бо я яшчэ не ведала, ці выратавалі абраз Маці Божай Будслаўскай, ці не. Ужо пасля, калі я прачытала, што абраз удалося ўратаваць, мне стала трохі лягчэй.

Паводле краязнаўцы Кастуся Шыталя, за  ўсю гісторыю святыні гэта другі раз, калі абраз Маці  Божай Будслаўскай давялося вынесці з храма з-за надзвычайнай сітуацыі:

– Я ніколі  ў  дакументах не сустракаў, каб там былі нейкія пажары. Напрыклад, у 17 стагоддзі была вайна з Расеяй (1654 – 1667), тады абраз давялося вывезці з Будслава ў Саколку, і манахі выехалі. Але святыня не была разбураная. І трагедыі 20 стагоддзя: ні савецкая акупацыя, ні нямецкая святыню не кранулі.

Будслаўскі  касцёл – галоўная святыня беларускіх каталікоў, дзе штогод летам, у пачатку ліпеня, у храме і вакол яго праходзіць самы значны каталіцкі фэст. Людзі едуць туды, каб памаліцца і пакланіцца абразу Маці Божай Будслаўскай, папрасіць яе заступніцтва.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

 

 

 

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Вячаслава Дзмітровіча