Вернікі маліліся ля забранага будынка царквы «Новае жыццё»



21 лютага ў Менску на вуліцы каля будынку забранай уладамі ў вернікаў царквы праходзіла малітва. Малітва пачалася апоўдні і сабрала некалькі соцень чалавек. Міліцыя не разганяла ўдзельнікаў.

Напярэдадні нядзельнай малітвы сітуацыя вакол пратэстанцкай царквы набыла вялікі розгалас. Людзі заклікалі выходзіць у нядзелю на малітву, а таксама падтрымліваць вернікаў «Новага жыцця» інфармацыйна. 17 лютага судовыя выканаўцы ўварваліся ў царкву ў суправаджэнні міліцыянтаў падчас малітвы. Яны апісалі маёмасць, а вернікаў выгналі, пагражаючы ім арыштам.

Рэлігійная грамада Царквы хрысціян поўнага Евангелля «Новае жыццё» ў Менску летась атрымала судовае прадпісанне вызваліць будынак на вуліцы Кавалёва, 72 да канца году. Цяпер улады горада запланавалі ў гэтай мясцовасці будаўніцтва квартала шчыльнай забудовы.

Вернікі «Новага жыцця» пасля выбараў запісалі відэазварот, у якім выказаліся супраць забойстваў, гвалту і катаванняў, ілжывых сведчанняў у судах, маніпуляцый.  

Беларускае  Радыё Рацыя