Вернікі Праваслаўнай царквы адзначаюць свята Богаяўлення



Праваслаўныя вернікі адзначаюць Вадохрышча, або Богаяўленне. Гэта адное са старэйшых і важнейшых хрысціянскіх святаў. Яно звязанае з хрышчэннем Ісуса на рацэ Іардан і са з’яўленнем усіх асобаў Святой Тройцы.

“Гэты дзень – напамін усім хрысціянам пра покліч веры”, – гаворыць святар Міхаіл Лабковіч:

– Сам Бог нам адкрываецца як Святая Тройца – Бог-айцец, Бог-сын, Бог-Дух святы. Гэта сама традыцыя – Хрышчэнне Гасподняе на рацэ Іардан – устанавіла вельмі важны царкоўны сакрамант – хрышчэнне. Гэта ўсё нас прымушае ўзгадаць і пра сваю веру, што мы павінны быць хрысціянамі, не будучы проста хрышчанымі, а жыць па гэтай веры.  І не забывацца, што вера не з’яўляецца нечым абстрактным, а вера без справаў мёртвая, як кажа апостал Павел.

Па народным календары – Вадохрышча – гэта апошняе свята з каляднага цыкла, які трываў ад Раства. З ім звязана шмат павер’яў і прыкметаў. Напрыклад, калі на Хрышчэнне халоднае надвор’е і ясна, то лета будзе засушлівым.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: psl.by