Вернікі просяць вызваліць іх ад платы за пілігрымкі



Больш за 70 грэка-католікаў падпісаліся пад зваротамі ў прэзідэнцкую адміністрацыю і да ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі, каб скарэктаваць дзеянне пастановы Савету Міністраў № 49. Паводле гэтай пастановы пілігрымкі прыраўноўваюцца да масавых мерапрыемстваў, і вернікі мусяць плаціць за міліцэйскую ахову, паслугі ЖКГ і медыкаў. Сумы настолькі вялікія, што сёлета віцебскія грэка-католікі мусілі адмяніць пешую пілігрымку з Віцебска ў Полацак, і вернікі былі вымушаны дабірацца туды ў прыватным парадку.

У Полацку супольнымі намаганнямі быў складзены зварот у дзяржаўныя структуры, ён ужо накіраваны да адрасатаў. Першы адказ мусіць прыйсці ў віцебскую парафію на імя святара Зміцера Грышана.

– Будзем вучыцца суіснаваць у гэтых новых умовах, каб выконваць свае законныя рэлігійныя правы. Хоць гэта, можа, камусьці і не падабаецца. Гэта згодна з нашай рэлігійнай традыцыяй – хадзіць у пілігрымкі. Гэта традыцыя найстаражытнейшая, мы нічога такога не патрабуем. Мы не ходзім з нейкімі лозунгамі. Проста гэтага патрабуе наша вера – ісці ў пілігрымку.

Паводле Міколы Шараха, верніка з полацкай парафіі, падтрымаць ініцыятыву вырашылі і ў іншых рэгіёнах, там подпісы пад зваротамі яшчэ збіраюць, і таму зваротаў будзе некалькі. Праблема закранула ўсе грэка-каталіцкія парафіі, якія практыкуюць лакальныя пілігрымкі. Адказныя структуры мусяць даць адказ, ці законна браць грошы з вернікаў за выкананне рэлігійных патрэбаў, і ці абавязкова пілігрымкі павінны быць уключаны ў праграмы дзяржаўных мерапрыемстваў, каб заставацца бясплатнымі.

Беларускае Радыё Рацыя