Вернікі збіраюць подпісы за дазвол ксяндзу Кнурэку служыць у Беларусі
З новага года ў Беларусі забаранілі служыць ксяндзу-паляку Паўлу Кнурэку. Ён быў пробашчам парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску. Да гэтага 16 год адпрацаваў святаром у Лынтупах, што на Пастаўшчыне.
Віцебскія каталіцкія вернікі склалі зварот да Упаўнаважанага ў справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі. Тэкст звароту быў апублікаваны на пляцоўцы Petitions.by, пад ім падпісалася ўжо больш за 430 чалавек.
На думку супрацоўніка газеты “Каталіцкі веснік” Змітра Лупача, нягледзячы на ўсе намаганні вернікаў, наўрадці ўлады задаволяць просьбу людзей.
– Улада наша любіць рабіць усё цішком. Той жа выпадак з ксяндзом Паўлам Кнурэкам. Яму паабяцалі, што праз тры месяцы пытанне вырашыцца, едзьце спакойна ў Польшчу. А калі чалавек з’ехаў, то ў даволі грубай форме сказалі, што пытанне закрытае і абмяркоўвацца не будзе.
Як кажа Зміцер Лупач, апошнім часам заўважна, што беларускія ўлады паступова пазбаўляюцца ад ксяндзоў-палякаў. Не даюць дазвол і на служэнне ксяндзам-рускім.
У сувязі з гэтым, па словах Змітра, тады здзіўляе, чаму праваслаўнаму мітрапаліту, рускаму па нацыянальнасці, ніякіх перашкодаў не стваралі і далі дазвол на служэнне? “Яго нават Масква прызначыла без абмеркавання з кіраўніком беларускай дзяржавы”, – кажа Зміцер.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: vitkatedra.by