Вершы аўтара “Пагоні” на сценах Берасця
Чарговы мурал з беларускім каларытам 28 лістапада ўвечары з’явіўся ў Берасці. На будынку па адрасе вуліца Маякоўскага, дом 9 працытаваны верш “Санет” беларускага класіка Максіма Багдановіча.
Ідэя рэалізуецца ў межах аднаго з мясцовых праектаў пры падтрымцы агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”. Заспець выканаўцу мурала не ўдалося, таму ўражаннямі дзеляцца самі берасцейцы:
– Вельмі шыкоўнае пачынанне. На кожнай вуліцы патрэбна такія рэчы рабіць, і чым больш, тым лепей. Каб народ крыху ведаў, хто гэтыя людзі. Таму – добра, шыкоўна, поспеху!
– На беларускай мове?
РР: Лепей па-беларуску.
– Мне здаецца, што гэта сапраўды вельмі цікава і прыемна, што такое мастацтва ў нас цяпер ёсць.
Гэта ўжо не першы падобны праект ад агенцтва “Дзедзіч”. Тры гады таму пры іх падтрымцы былі намаляваныя муралы з выявамі Максіма Багдановіча таксама на вуліцы Маякоўскага і Янкі Купалы на аднайменнай вуліцы. Калі ў выніку рамонтных работ Багдановіч праіснаваў нядоўга, то Купалу можна пабачыць і дагэтуль.
Беларускае Радыё Рацыя