Ветэран падняў у Менску бел-чырвона-белы сцяг
91-гадовы ветэран вайны прыйшоў на пікет спецыяльна, каб паставіць подпіс за нацыянальны сцяг.
Лідар „Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч у „Фэйсбуку” падзяліўся ўражаннямі пра збор подпісаў за прызнанне бел-чырвона-белага сцяга гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
«Подпісы збіраліся сёння вельмі добра і бадзёра. Толькі ў мяне за гадзін шэсць працы блізу 250 подпісаў – па 40 подпісаў за гадзіну. Зборшчыкаў было сёння ад трох да шасці ў розны час, і агулам каля ўніверсама «Цэнтральны» сабрана блізу тысячы подпісаў. Радуе, што многія заслужаныя і вядомыя людзі прыйшлі падпісацца за наш сцяг. І ёсць сярод гэтых подпісаў самы дарагі для нас сёння.
Ветэран Другой сусветнай вайны Сурын Мікалай павольна ішоў да бел-чырвона-белага пікету па ходніках праспекта, параўняўся, выпрастаўся і папрасіў падпісны ліст. 91-гадовы партызан спецыяльна для гэтай місіі апрануў ўсе баявыя ўзнагароды, а на развітанне падняў над Менскам бел-чырвона-белы сцяг. Ён выглядаў велічна – нават ваўчыная зграя не асмелілася кінуцца да яго і скласці пратакол», – напісаў Зміцер Дашкевіч.