Відавочца: ператрус СК прайшоў у газеце „Культура”



Сёння, 8 жніўня, Следчы камітэт прыйшоў з ператрусам у газету „Культура”. Пра гэта TUT.BY паведаміў адзін з супрацоўнікаў выдання. Пры гэтым кіраўнік гэтага СМІ Ірына Слабодзіч абвергла гэтую інфармацыю.

Як распавялі TUT.BY на ўмовах ананімнасці, супрацоўнікі Следчага камітэта зайшлі ў рэдакцыю раніцай 8 жніўня. Журналістаў папрасілі пакінуць памяшканне. Ператрус працягваўся большую частку працоўнага дня. Супрацоўнікаў СК цікавілі кампутары «Культуры», а таксама дакументацыя.

Праз некалькі гадзін супрацоўнікі СК пакінулі памяшканне, дзе працуе «Культура», праца рэдакцыі адноўленая. Як сцвярджае крыніца TUT.BY, тэхніка або дакументы канфіскаваныя не былі.

Гэтую інфармацыю ў сваім пасце на «Фэйсбуку» пацвердзіла журналістка Дар’я Амяльковіч. «Ну што, калегі. І „Культура” таксама. У нашай ціхай рэдакцыі ідзе ператрус на прадмет таго ж», – напісала яна. Пазней Амяльковіч дадала, што «працэдура скончана. Можна сказаць, што ўсё прайшло карэктна, кампутары пакінутыя для працы. Будзем чакаць вынікаў».

Газета «Культура» выходзіць з 1991 года на беларускай мове. Яе заснавальнікам з’яўляецца Міністэрства культуры Беларусі. Разам з часопісам «Мастацтва» «Культура» з’яўляецца часткай рэдакцыйна-выдавецкай установы «Культура і мастацтва». У размове з TUT.BY дырэктар гэтай установы Ірына Слабодзіч абвергла факт ператрусу і дадала, што газета «працуе ў штатным рэжыме». 

tut.by