Відэаблогеру Андрэю Павуку пагражаюць крымінальнай справай
Стваральнік пабліка „Рудабельская паказуха” падчас наведвання міліцыі ў пасёлку Акцябрскі дазнаўся, што Следчы Камітэт распачаў праверку ягонага каментара ў сацыяльнай сетцы на прадмет магчымага распальвання міжнацыянальнай варажнечы.
Андрэй Павук мяркуе, што яго спрабуюць запалохаць за грамадскую і журналісцкую дзейнасць.
— Прарасейскі сайт «Белорусский политринг» напісаў пра мяне артыкул, дзе распавёў пра мяне, што я пакінуў каментар пад маразматычным артыкулам-расследаваннем адыёзнага блогера, стваральніка сайта 1863.com Эдурада Пальчыса. І вось я напісаў, што: «Верю вам, Эдуард, мочите их в сортире». І вось нехта напісаў у Следчы камітэт у Менск, што на мяне трэба завесці крымінальную справу за распал міжнацыянальнай варожасці. Ад мяне патрабуюць тлумачэнняў: што значыў мой каментар.
6 верасня Андрэя Павука выклікалі ў міліцыю за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце падчас раённай педагагічнай нарады, якая праходзіла ў Акцябрскім 29 жніўня. Актывіст выйшаў з плакатам „Вазьміце Павука на працу!”.
Беларускае Радыё Рацыя