VII Беларускі касмічны кангрэс пачаў працу ў Менску



Некалькі соцень навукоўцаў і спецыялістаў з Беларусі і замежжа сабраліся для абмеркавання праблем і перспектыў даследавання космасу на VII Беларускім касмічным кангрэсе, які пачаў сваю працу 24 кастрычніка ў Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) у Менску.

На адкрыцці навуковага форуму старшыня прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў адзначыў, што „развіццю касмічных тэхналогій у Беларусі надаецца вялікая ўвага”. Паводле яго слоў, краіна знаходзіцца ў рэчышчы сусветнай тэндэнцыі, калі „усё большая колькасць дзяржаў залучаецца ў касмічную супольнасць, а сусветная актыўнасць у галіне касмічнай дзейнасці ўзрастае”.

„Сур’ёзны імпульс беларуская касмічная навука атрымала дзякуючы рэалізацыі шэрагу беларуска-расійскіх навукова-тэхнічных праграм па распрацоўцы і выкарыстанні перспектыўных касмічных сродкаў і тэхналогій з мэтай стварэння адзінай інфармацыйнай навукова-тэхналагічнай прасторы Саюзнай дзяржавы”, — падкрэсліў кіраўнік галоўнага навуковага ведамства.

Гусакоў зачытаў прывітанне віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі, які адзначыў, што касмічны кангрэс стаў „адным з найбольш прэстыжных і значных форумаў Беларусі”, на якім традыцыйна прадстаўляюцца „айчынныя і замежныя дасягненні ў адной з найбольш перспектыўных абласцей дзейнасці — даследаванні касмічнай прасторы з мірнымі мэтамі”.

„Паспяховая эксплуатацыя Беларускага касмічнага апарата, стварэнне і развіццё сумесна з расійскімі калегамі нацыянальнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, стварэнне нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання, а таксама рэалізацыя прарыўных праектаў у даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы даюць магутны імпульс развіццю новых галін беларускай эканомікі і значна ўмацоўваюць пазіцыі нашай дзяржавы ў шэрагу сусветных касмічных дзяржаў”, — напісаў Сямашка.

На працягу трох дзён кангрэса навукоўцы з Беларусі, Расеі, Украіны, Казахстана і іншых краін прадставяць 123 даклады. Выступы на пленарным пасяджэнні прысвечаныя тэхналогіям праектавання сістэм забеспячэння надзейнай і бяспечнай эксплуатацыі ракетна-касмічнай тэхнікі і аб’ектаў наземнай касмічнай інфраструктуры, вынікам выканання Беларуссю сваёй часткі праграмы Саюзнай дзяржавы „Маніторынг-СД”, перспектывам супрацоўніцтва Беларусі з Расеяй, Украінай, краінамі СНД у касмічнай сферы .

Удзельнікі форуму будуць працаваць у сямі тэматычных секцыях, звязаных з перспектыўнымі матэрыяламі; інавацыйнымі праграмамі, праектамі і тэхналогіямі ракетна-касмічнай сферы; касмічнымі апаратамі і навуковым абсталяваннем; праблемамі надзейнасці касмічных апаратаў; сродкамі апрацоўкі і адлюстравання звестак дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі; сістэмамі навігацыі, спадарожнікавай сувязі і вяшчання; выкарыстаннем вынікаў касмічнай дзейнасці ў эканоміцы.

belapan.by