Віктар Фянчук: Калі ў краіне не весела, вельмі цяжка энергічна штосьці рабіць



Рэалізацыя міжнароднага праекта па вывучэнні гідралагічнага рэжыму Белавежскай пушчы, нягледзячы на другую хвалю каронавірусу, працягваецца на Берасцейшчыне. Адзіная карэкціроўка, якую сёлета прыйшлося зрабіць – большасць сустрэч перанесці ў анлайн прастору, – распавёў Госць Рацыі, прадстаўнік Франкфурцкага заалагічнага таварыства і грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўчшыны” Віктар Фянчук. Пра гэта ды іншае з ім размаўляе Аліса Поль.

РР: Ці вядзецца зараз праца па вашым  праекце, які звязаны з Белавежскай пушчай? Калі так, то як яна выглядае?

Віктар Фянчук: Так, яна вядзецца. Мы вымушаныя былі паменшыць колькасць такіх мерапрыемстваў, на якія мы збіраем людзей. Гэта семінары, сустрэчы або мы планавалі, напрыклад, зрабіць “Ноч аленяў” увосень, калі пачынаецца вельмі прыгожы перыяд і алені там равуць. Думалі зрабіць гэта, але таксама адмовіліся. Шмат такіх масавых мерапрыемстваў былі адмененыя, але  такія працы, якія звязаныя больш з падрыхтоўкай тэхнічных дакументаў, працягваюцца. Напрыклад, зараз у нас ідуць працы па аднаўленні гідралагічнага рэжыму вельмі вялікага аб’екта, гэта сетка канала Жакаўшчына на поўначы Белавежскай пушчы. І тут праца шматступенная. Трэба распрацаваць інжынерны праект. Ён павінен  прайсці экалагічную экспертызу, пасля шукаюцца падрадчыкі, якія павінны будуць выконваць будаўнічыя працы. Вядуцца такія тэхнічныя працы, і яны ўсе ў нас ідуць. І таму, што тычыцца нашай працы па аднаўленні гідралагічнага рэжыму, гэта тое, што тычыцца стратэгічных дакументаў для нацыянальнага парка, таму што сёлета якраз распачаліся працы па аднаўленні плана кіравання нацыянальным паркам на дзесяцігадовы перыяд.  І наш праект  аказвае падтрымку “Белавежскай пушчы” ў распрацоўцы гэтага дакумента. На мой погляд, план кіравання – гэта, напэўна, самы важны дакумент для нацыянальнага парка, ён акрэслівае стратэгічны накірунак.

РР: Як сёлета сітуацыя з каронавірусам і палітычныя змены паўплывалі на вашу працу, і ці паўплывалі ўвогуле?

Віктар Фянчук: Канешне, і каронавірус, і вось гэтая палітычная напружанасць, якая ў нас у краіне яшчэ не скончылася, яно ўсё адбіваецца на мажлівасцях працаваць.ю А гэта адбіваецца таксама на мажлівасці працаваць з партнёрамі за мяжой, бо і з пункту гледжання трансгранічнага супрацоўніцтва “Белавежскай пушчы” вось гэтая мажлівасць фізічных кантактаў – вельмі важная мажлівасць сустрэчаў. І каронавірус гэтаму перашкаджае, канешне. І вось гэтая палітычная напружанасць таксама адбіваецца на тым, як мы можам эфектыўна працаваць з донарамі, якія ўкладаюць сродкі ў ахову прыроды ў Беларусі, і, канешне, гэта змяншае мажлівасці прыцягнення сродкаў на нашу дзейнасць.

Таму, канешне, гэта ўсё ўплывае, і ўплывае псіхалагічна на тых людзей, якія працуюць. Калі ў краіне не весела, вельмі цяжка энергічна штосьці рабіць. Таму мы шукаем мажлівасці ў працы пераадольваць каронавірус, шукаем такія  формы працы, якія дазваляюць эфектыўна працаваць без мажлівасці сустракацца.    

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя