Віктар Клімус: Пратэсты могуць вярнуцца ў актыўную фазу падчас зімовых святаў



У пратэстах у рэгіёнах зараз будзе часовая паўза. Але ў актыўную фазу ўсё як раз можа вярнуцца ў часе зімовых святаў. У гэтым перакананы берасцейскі грамадскі дзеяч Віктар Клімус.

Ён адзначыў, што пратэсты не згаслі, проста сталі больш дэцэнтралізаванымі.

– У Берасці існуюць тыя ж тэндэнцыі што і ў Менску, што і па ўсіх астатніх гарадах. То-бок пратэсты перайшлі ў такі дваравы фармат, больш схаваны, больш партызанскі. Але сказаць, што яны перасталі існаваць і што іх стала менш, я не магу. Канешне, людзям цяжей і сабрацца ў такім фармаце, мала абвестак, бо цяпер абвесткі ходзяць толькі паміж сваімі, паміж знаёмымі людзьмі.

Віктар Клімус перакананы, што вулічная актыўнасць на зімовы перыяд будзе не такой бачнай, як у восеньскі час. Людзі хутчэй будуць збірацца і знаёміцца ў закрытых памяшканнях.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце