Віктар Ламека: Хацеў паказаць факты дзікунскага стаўлення да ІП-шнікаў
Прадпрымальнік з Зельвы Віктар Ламека звярнуўся ў суд Маскоўскага раёна Менска са скаргай на адказ намесніка міністра па падатках і зборах.
У скарзе ІП-эшнік прасіў прыцягнуць да адказнасці службовых асобаў Зельвенскай раённай і Гарадзенскай абласной падаткавых інспекцый, якія, па меркаванні Ламекі, датычныя да фальсіфікацый у яго справе.
Віктар Ламека: Яшчэ ў мінулым годзе раённая падаткавая інспекцыя склала на мяне акт камеральнай праверкі аб падатках, якія я быццам бы не даплаціў за некалькі гадоў. Згодна з гэтым дакументам, даплаціць я павінен быў больш за 50 мільёнаў недэнамінаваных рублёў штрафаў. Штрафы налічылі пры гэтым без аніякай фактурнай базы, без доказаў. На маю маёмасць наклалі арышт – на машыну, банкаўскія рахункі, нават тэлефон заблакавалі. Пачаў шукаць праўду, разблытваць гэты клубок. Звярнуўся ў Гарадзенскі абласны эканамічны суд. Там і высветлілася, што налічаныя дадатковыя падаткі і штрафы не пацвярджаюцца канкрэтнымі дакументамі аб парушэнні мною падатковага заканадаўства. У выніку суд амаль усе штрафы адмяніў – з 50 мільёнаў засталося каля 800 тысяч рублёў (на старыя грошы) штрафу. Калі мне няправільна налічылі штрафы, значыцца нехта ж у гэтым вінаваты. Але, як аказалася, вінаватых няма наогул. Таму я і звярнуўся ў Міністэрства па падатках і зборах, каб тое разабралася ў сітуацыі і паведаміла мне, хто прыцягнуты да адказнасці. Адказ мяне не задаволіў, бо вінаватых ізноў-такі не знайшлі.
РР: І які вынік вашага звароту ў суд?
Віктар Ламека: Суд абвясціў, што адказ мне быў дадзены кваліфікаваны, а прадстаўніца міністэрства паведаміла, што па выніках праверкі правахоўнымі органамі фальсіфікацый з боку падаткавікоў пры складанні акта не знайшлі. Адным словам, як я зразумеў, яны – добрыя майстры налічваць штрафы-бурбалкі, але адказваць за свае дзеянні не збіраюцца. Але мой сэнс звароту ў суд быў нават не ў тым, каб дачакацца нейкага справядлівага рашэння на сваю карысць, а, каб яшчэ раз паказаць факты дзікунскага стаўлення дзяржавы да прадпрымальнікаў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара