Віктар Марчык: БЧБ-сцяг – сімвал незалежнасці і свабоды
Напярэдадні Дня Волі сябра Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл, Беларускага нацыянальнага кангрэса, актывіст грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Віктар Марчык выказаў сваю думку наконт бел-чырвонага-белага сцягу:
– Нашы бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” з’явіліся намнога раней, чым расейскі трохкаляровы сцяг ці іх двухгаловы арол. А тое, што паўстанцкія атрады беларусаў падчас Другой сусветнай вайны змагаліся супраць бальшавікоў, то на гэта была прычына. А прычына ў тым, што да сярэдзіны верасня 1939 года Заходняя Беларусь знаходзілася пад Польшчай. Але тут людзі жылі значна багацей, чым ва Ўсходняй Беларусі, а тым больш у Расеі. Але, калі прышлі бальшавікі, то адразу пачаліся рэпрэсіі, рабаванне і расстрэл мірнага насельніцтва. Асабліва цярпела інтэлігенцыя, дактары, пісьменнікі, настаўнікі, святары. За два гады да пачатку вайны бальшавікамі была праведзена татальная зачыстка і генацыд мірнага беларускага насельніцтва. І гэта працягвалася па ўсёй Беларусі. Толькі ў адных Курапатах былі расстраляны тысячы грамадзян Беларусі. Дык чым жа бальшавікі адрозніваліся ад фашыстаў?..
Наш бел-чырвона-белы сцяг – гэта сімвал незалежнасці і свабоды. Але не сімвал жорсткасці і гвалту. І мяне заўсёды здзіўляе тое, як выказваюцца некаторыя святары РПЦ наконт бел-чырвона-белага сцягу. Яны што не разумеюць значэнне колераў?.. Ці бачылі яны і іншыя “гісторыкі” на бела-чырвона-белым палотнішчы фашысцкую свастыку?.. Не, і ніколі яе не ўбачаць. Бо белы колер сімвалізуе чысціню, а чырвоны колер – кроў Хрыста. І як можна святыню называць экстрэмізмам? Дарэчы, пад расейскім сцягам супраць бальшавікоў на баку немцаў ваявалі паўтары мільёна вайскоўцаў Уласава. Палкі казакоў. І зверствавалі яны на нашай тэрыторыі яшчэ больш за фашыстаў. Але давайце гісторыю пакінем у спакоі, бо час быў іншы. Вернемся ў сённяшні дзень нашай Беларусі. Вернемся сюды, дзе “сімвалам” сучаснай Беларусі з’яўляецца чырвона-зялёны сцяг. Пад ім сёння б’юць людзей, займаюцца садызмам і здзекамі з людзей. Гэты сцяг і сённяшні герб намаляваныя на аўтазаках, унутры якіх забіваюць і збіваюць грамадзян Беларусі, якія ні ў чым не вінаватыя, а патрабуюць толькі сумленных і справядлівых выбараў. Бо людзі сёння хочуць жыць у мірнай квітнеючай і незалежнай краіне. Дзе можна будзе вольна і заўсёды выказваць свой пункт гледжання, і за гэта цябе не звольняць з працы, не адбяруць дзяцей, не будуць біць дубінкамі, не пасадзяць за краты, не заб’юць…
Беларускае Радыё Рацыя