Віктар Марчык: “Гэта не наша віна, а віна тых, хто сфальсіфікаваў выбары”
Кіраўнік штаба Віктар Марчык кандыдата ў дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Слонімскай выбарчай акрузе № 58 ад Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Івана Шэгі выказаў сябрам усёй каманды вялікую падзяку.
У прыватнасці, Віктар Марчык сказаў: “Дзякуй усім тым, хто збіраў подпісы, хто стаяў у пікетах на Слонімшчыне і Зэльвеншчыне пры любым надвор’і, хто распаўсюджваў друкаваныя СМІ і плакаты, хто назіраў за галасаваннем і падлікам галасоў, хто ў друку асвятляў нашу працу… Мы сваю задачу выканалі на выдатна. Мы таксама, разам з агітацыяй за нашага кандыдата, гутарылі з людзьмі, вырашалі іх розныя праблемы, асабліва праблемы жыхароў сельскай мясцовасці, а ў іх гэтых праблем тысячы…
Тое, што наш кандыдат Іван Шэга не стаў дэпутатам – гэта не наша віна і не віна нашай каманды, і не віна тысячы людзей, якія шчыра аддалі галасы за Івана Шэгу, а віна тых, хто лічыў галасы, хто поўнасцю сфальсіфікаваў выбары, хто здрадзіў сваім землякам-выбаршчыкам. Прыйдзе час, яны стануць перад судом народа…”.
Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён