Віктар Марчык: “Мінолс” дапамагае людзям
Два гады ў Слоніме існуе грамадскае аб’яднанне ўстойлівага развіцця “Мінолс”. Але пра яго мала што вядома. І наогул, што гэта за “Мінолс”? Чым ён займаецца? Для чаго ён амаль два гады таму быў зарэгістраваны ў Гарадзенскім аблвыканкаме? Пра гэта распавядае грамадскі актывіст са Слоніма, намеснік старшыні аб’яднання Віктар Марчык.
– Наша грамадскае аб’яднанне ўстойлівага развіцця “Мінолс” (Слонім наадварот) было зарэгістравана 21 студзеня мінулага года. Мэтай аб’яднання найперш з’яўляецца тое, каб палепшыць экалагічную сітуацыю ў сваім рэгіёне, навесці парадак на зямлі, упарадкоўваць тэрыторыю, дзе мы жывем, ствараць умовы для масавага адпачынку грамадзян, прыцягваць у свой рэгіён турыстаў і дапамагаць бедным. Мы сваю дзейнасць накіроўваем на ўдзел землякоў у вырашэнні мясцовых праблем, на экалагічныя акцыі, на ўпарадкаванне дамоў і двароў, на развіццё мясцовага самакіравання і далучэнне да валанцёрскай справы.
Па словах Віктара Марчыка, за гэтыя няпоўныя два гады сябры аб’яднання “Мінолс”прымалі самы актыўны ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Зробім”, мы ачысцілі ад смецця крыніцу ў мікрараёне Энка ў Слоніме, сябры збіралі і працягваюць збіраць подпісы пад зваротамі да мясцовых кіраўнікоў улады з просьбамі адрамантаваць вуліцы, дваровыя пляцоўкі, пад’езды, дзіцячыя пляцоўкі. І дапамагалі гэта рабіць самі. Мы праводзім і дабрачынныя акцыі. У рамках гэтай акцыі прымаем ад грамадзян непатрэбныя рэчы – адзенне і абутак і раздаем бедным людзям. Цяпер разам з супрацоўнікамі Слонімскай ЖКГ робім дзіцячую пляцоўку ў адным з раёнаў Слоніма, збіраем подпісы, каб захаваць помнік-палац Пуслоўскіх у Альбярціне, аказваем гуманітарную дапамогу, наладжваем сустрэчы, канферэнцыі. Добрых спраў у сваім горадзе хапае”.
Беларускае Радыё Рацыя, Слонім