Віктар Марчык: Наша задача – дапамагаць людзям у сацыяльных пытаннях



“Адна з галоўных нашых задач – гэта дапамога людзям у вырашэнні сацыяльных пытанняў”, – адзначыў у інтэрв’ю для нашага радыё намеснік старшыні слонімскага грамадскага аб’яднання “МІНОЛС” Віктар Марчык.

Паводле актывіста, цяпер часта даводзіцца дапамагаць тым асобам і сем’ям, у якіх забралі дзяцей. Праблема палягае ў тым, што дэкрэт №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у недобранадзейных сем’ях” – мае не зусім адназначныя палажэнні:

– Там ёсць вельмі такі цікавы пункцік: што можна забіраць дзяцей, калі адзін з бацькоў выпівае. Чалавек можа выпіць на дзень народзінаў, прыйдуць і пабачаць, што ён п’яны, і могуць забраць дзяцей, не тое, што п’яны, а выпіўшы. І ёсць там далей: па іншых прычынах, то бок цяпер па любых прычынах могуць забраць дзяцей.

Віктар Марчык прыводзіць і прыклады таго, як у сем’яў забіраюць дзяцей, хоць відавочных падставаў для гэтага няма:

– Нядаўна мне сказалі, што ў чалавека забралі дзяцей толькі за тое, што ў іх свой дом, і там нейкая праблема з печкай. Ён кажа, што зараз не магу разабраць дах і зрабіць рамонт дымахода, таму што ў мяне ёсць малыя дзеці дома, а дом у яго добры, усё ў парадку, сям’я нармальная, яна забяспечаная без пытанняў. Але вось чапляюцца да розных дробязяў. І каму гэта трэба і навошта гэта трэба – пытанне.

Паводле актывіста, у планах арганізацыі – стварэнне бясплатнай юрыдычнай кансультацыі, бо многія людзі не ў стане заплаціць нават 10-20 рублёў, каб у скаладнай сітуацыі атрымаць дапамогу ад прафесійных юрыстаў.

Цалкам размова:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя