Віктар Марчык: У Беларусь вярнуліся 1930-я гады…



У Беларусі ідуць пераследы журналістаў, праваабаронцаў, вобшукі адбываюцца ў офісах “Гавары праўду”, у Таварыстве беларускай мовы, у кіраўнікоў “Прававой ініцыятывы” і г.д. Позвы ў міліцыю атрымалі і сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл. Адзін з яго сяброў Віктар Марчык таксама атрымаў позву ў міліцыю. 

Беларускае Радыё Рацыя запыталася ў спадара Віктара, што гэта адбываецца ў краіне і калі ўсё скончыцца?

На што Віктар Марчык выказаў сваю ўласную думку і адказаў так:

– Калі я на гэта пытанне шчыра адкажу, то заўтра і я апынуся за кратамі. За праўду, за альтэрнатыўны пункт гледжання, за тое, што ты хочаш, каб твая сям’я і ўсе беларусы жылі лепш, чым мы жывем сёння, за незалежную і квітнеючую Беларусь, за мір ва ўсім свеце, за чэсныя і празрыстыя выбары, за закон для ўсіх і за тое, што ты выказваеш публічна свае жаданні і думкі, цябе садзяць, насільнічаюць, дапытваюць, б’юць і забіваюць. Усё гэта разам напамінае тое, што ў Рэспубліку Беларусь вярнуліся 1930-я гады, якія былі на тэрыторыі СССР і гітлераўскай Германіі. Нашай сістэме сёння не патрэбны адукаваныя і чэстныя людзі, сістэме патрэбны рабы і прыслужнікі. Усё можна памяняць толькі пры разумным падыходзе кіраўніка краіны, якога выбера беларускі народ на новых чэсных выбарах. Тады толькі вернецца да нашага народа пачуццё волі, справядлівасці, жаданне тварыць і ствараць, а таксама павага да ўлады і праваахоўчых органаў.

Беларускае Радыё Рацыя