Віктар Маргелаў: Ідзем па шляху таго, каб зарабляць грошы на алкаголі
Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў распавёў, чаму “сухі” закон пратрымаўся толькі суткі.
Як вядома, Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся на працягу сутак адмяніць «начны сухі закон», які ў якасці эксперыменту быў уведзены з 1 кастрычніка ў Менску і некаторых райцэнтрах.
Віктар Маргелаў: Сітуацыя атрымліваецца, як у тым анекдоце, калі чалавеку кажуць, што яму трэба альбо трусы апрануць, альбо крыжык зняць. А нам і на самой справе трэба нарэшце вызначыцца: альбо мы змагаемся з алкагалізацыяй насельніцтва (а нацыя співаецца і зараз па гэтых паказчыках знаходзіцца ў лідарах у Еўропе), альбо вырашылі такім чынам вырашаць праблемы эканомікі і Дзяржхарчпрама.
Безумоўна, простага рашэння праблемы няма. Нельга сказаць, што калі ўвесці забарону за начны продаж алкаголю ў крамах, то людзі адразу перастануць піць. Знойдуцца і тыя, хто на гэтым будзе зарабляць, і жадаючыя набыць спіртныя напоі таксама дасягнуць сваёй мэты. Але ж можна было ўводзіць забарону паступова.
РР: Адным словам, у гэтай сітуацыі эканамічныя інтарэсы сутыкнуліся з інтарэсамі тых, хто выступае за дэзалкагалізацыю насельніцтва?
Віктар Маргелаў: Безумоўна. І, як бачым, пэўныя колы вырашылі праблему на сваю карысць за два дні, што ўказвае на іх эканамічную сілу ў гэтай краіне. Наколькі мне вядома, напрыканцы кастрычніка будзе яшчэ вялікая нарада на гэтую ж тэму, таму там, магчыма, вытворцы алкаголю паспрабуюць сабе выбіць яшчэ нейкія прэферэнцыі. Таму трэба разумець, што ў Беларусі вырашылі не ісці па шляху дэзалкагалізацыі насельніцтва. Мы ідзем па шляху таго, каб зарабляць грошы на алкаголі. І гэта сумна.
РР: Алкагольнае лобі не прабіць?
Віктар Маргелаў: Яно вельмі моцнае і складаецца ў першую чаргу з вытворцаў алкагольнай прадукцыі і тых, хто карыстаецца асаблівымі ільготамі пры продажы такіх напоеў. Паглядзіце спісы тых магазінаў, якія прадаюць алкаголь ноччу, паглядзіце іх гаспадароў і будзеце ведаць, хто ўваходзіць у гэтае лобі.
Дарэчы, па інфармацыі Дзяржхарчпрама, усе гарэлачныя прадпрыемствы ў Беларусі прыбытковыя. Вось, напэўна, вырашылі і не ламаць гэтыя традыцыі
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя