Віктар Рубцоў выходзіць на волю
5-я суткі праводзіць у гомельскім ізалятары часовага ўтрымання відэаблогер Віктар Рубцоў.
Яго пакаралі арыштам за ўдзел у акцыі салідарнасці з Ларысай Шчыраковай, у межах якой група падтрымкі журналісткі трымала самаробныя шыльды з надпісамі «Я — нячэсны блогер», «Я — пятая калона».
Калега Віктара Рубцова Дзмітрый Сабураў узгадвае акалічнасці стварэння папулярнага ютуб-канала «Ротарная жатка».
Дзмітрый Сабураў:
— Ініцыятыва ўзнікла вясной на хвалі пратэстаў супраць Дэкрэта №3. У мяне быў ютуб-канал, які і ствараўся для асвятлення ўсіх пытанняў, звязаных з барацьбой за скасаванне дэкрэту. А потым, калі ўдалося дамагчыся спынення дзеяння дэкрэта, мы зразумелі, што маем творчы патэнцыял для далейшай супольнай працы. Нашы відэаролікі знаходзілі водгук у гледачоў. Калі коратка, канцэпцыя „Ротарнай жаткі” наступная: гаварыць несур’ёзна пра сур’ёзнае. Для чаго мы пачалі працаваць? Каб людзі паступова пазбаўляліся ад страху.
Яшчэ адзін удзельнік праекту, блогер Арцём Шапараў, заўважае, што „Ротарная жатка” — гэта праект, які немагчыма ўявіць без якога-небудзь удзельніка.
„Мы ўсе (Дзмітрый Сабураў, Віктар Рубцоў і я) — вельмі розныя людзі. Наш праект працуе толькі тады, калі мы ствараем ролікі ўтрох. Вось зараз няма Віці (ён сядзіць у ізалятары), і „Ротарнай жаткі няма”, — дадае Арцём Шапараў.
Відэаблогера Віктара Рубцова пакаралі суткамі за самаробны плакат з надпісам „Я — нячэсны блогер”, які ён трымаў каля будынка Гомельскага раённага суда 28 верасня. У той дзень у чарговы раз судзілі журналістку Ларысу Шчыракову.
Дзмітрый Сабураў:
— У нас вельмі шмат вострых ролікаў. Напрыклад, пра „Мафію ткачоў”. Гэтак мы назвалі адно швейнае атэлье, якое „кінула” на грошы дзяцей. За той сюжэт нас цягалі ў міліцыю нават.
Арцём Шапароў:
— Сітуацыя з ролікам „Мафія ткачоў” паказальная. Дзялкі падманулі і дзяцей, і дзяржаву, але па-ранейшаму працягваюць існаваць. А вось Віцю Рубцова, які не зрабіў нічога кепскага, толькі падтрымаў з плакацікам журналістку, пасадзілі на суткі. Гэта проста самая яркая ілюстрацыя, што дзяржава ў Беларусі не функцыянуе, як трэба.
Калегі Віктара Рубцова па праекце „Ротарная Жатка” арганізавалі крэатыўную акцыю салідарнасці з затрыманым Віктарам Рубцовым. Блогер Арцём Шапараў замовіў музычныя віншаванні на гомельскім радыё, якое транслюецца ў ізалятары.
Удзельнік відэапраекта „Ротарная жатка” Віктар Рубцоў быў пакараны пяццю соднямі арышту за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце ля Гомельскага раённага суда. Блогер выходзіць на волю 24 кастрычніка каля 16-й гадзіны па беларускім часе. Разам з ім адбываюць пакаранне грамадскія актывісты Уладзімір Няпомняшчых і Барыс Анікееў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель