Віктар Сазонаў: Мы ганарымся Свіслацкім фэстам
2015 год адзначыўся шэрагам судовых працэсаў над грамадскімі актывістамі і журналістамі. Удзельнікі традыцыйнага ўшанавання памяці паўстанцаў Каліноўскага ў Свіслачы ды Якушоўцы не сталі выключэннем. Ужо прагучала пяць прысудаў – штрафаў.
Віктар Сазонаў
У выніковым эфіры на хвалях нашага радыё Улад Грынеўскі ды Яна Запольская пагутарылі на гэтую тэму з адным з пачынальнікаў традыцыі фэста Віктарам Сазонавым:
– Перш за ўсё – гэта адна з нямногіх такіх традыцыйных акцый Гарадзеншчыны, на каторую збіраюцца людзі з усёй Беларусі, прыязджаюць нават госці аднекуль з іншых краін, калі яны могуць гэта зрабіць і грамадзянская супольнасць Гарадзеншчыны ганарыцца гэтай акцыяй, што яна можа з года ў год утрымліваць яе, і што яна выклікае такую вялікую цікавасць сярод актыўных людзей Беларусі таму, што прынамсі практычна ўсе нашыя грамадзянскія і палітычныя лідары, і кандыдаты ў прэзідэнты, практычна ўсе яны калісьці наведвалі гэтую акцыю, былі ад яе ў захапленні, выступалі там. Мы ганарымся гэтай акцыяй, яна па задумцы нашай, якая ў нас была яшчэ здаўна – больш за 20 гадоў таму, яна пачынае Дзяды, таксама адну з самых паважаных у Беларусі акцый. У Свіслачы, дзе была знойдзена магіла Віктара Каліноўскага – роднага брата Кастуся Каліноўскага, менавіта там пачынаецца акцыя ўшанаваннем памяці палеглых за Радзіму. У дадзеным выпадку памяці паўстанцаў 1863 года.
РР: Абавязкова яшчэ зараз пагутарым пра штрафы і пераслед, а я бхацеў у вас спытацца, ці можа памятаеце вы нейкі такі год, можа нават назавеце той год, калі акцыя прайшла і ніякіх пасля ўлады не выстаўлялі прэтэнзій?
Віктар Сазонаў: Ну гэта самыя першыя гады, калі гэта акцыя пачыналася. Мы нічога такога не бачылі, ніякіх прэтэнзій, увогуле нават супрацоўнікі міліцыі і блізка не падыходзілі да яе. Я думаю, што яны самі тады – 20 гадоў таму, ганарыліся, што ў іхнім горадзе адбываецца такая акцыя.
РР: Можа ў іх проста відэа не было, на якое яны зараз здымаюць? Гэта ўжо жарты.
Віктар Сазонаў: Безумоўна, тэхнічна яны зараз узмацнілі свае магчымасці, добра каб яшчэ гэтыя магчымасці былі ўзмоцнены разуменнем, што такое ўсё ж такі акцыя, што такое парушэнне грамадскага парадку, што такое гонар мундзіра, што такое заканадаўства. І што такое званок зверху, які не абавязкова ўсё ж такі выконваць, калі была дадзена прысяга беларускаму народу.
РР: Вяртаючыся непасрэдна да штрафаў і прысудаў, у мінулым годзе каля сямнаццаці здаецца, больш за паўтара дзясятка было гэтых судовых рашэнняў над удзельнікамі Свіслацкага фэста – гэта былі адміністрацыйныя штрафы. Сёлета маем ужо пяць штрафаў – сам Віктар Сазонаў, якому быў прысуджаны штраф. Уладзімір Хільмановіч, Вітальд Ашурак, Эдвард Дмухоўскі, Юрый Глебік і яшчэ ведаем, што мае адбыцца суд над Віталём Гулякам з Ваўкавыска. Якія аргументы суддзі? Увогуле можна гаварыць пра нейкія аргументы суддзі, пра нейкія паказанні сведкаў? Як ацэньваць хаду гэтых працэсаў?
Віктар Сазонаў: На судах увогуле ніякай аргументацыі па сутнасці няма, акрамя таго, што была акцыя і не было пададзена заяўкі. Калі гаворыцца пра тое, што для таго, каб схадзіць на могілкі і ўскласці там кветкі, ніякай заяўкі не патрэбна. У такім выпадку патрэбна кожнае пахаванне штрафаваць, калі да помніка ўскладаюцца кветкі, то кожнае вяселле, кожны дзень нараджэння, там дзе людзі падыходзяць, кожную экскурсію, якая прыязджае ўскласці кветкі да помніка Траўгута ці да Каліноўскага, трэба штрафаваць. Па гэтым зразумела, што быў дадзены нейкі загад, каб гэтыя супрацоўнікі сілавых структур менавіта ў Свіслачы не зажмурылі вочы на тое, што там адбываецца і якімсьці чынам пакаралі. Як яны выбіралі людзей, каго канкрэтна, ну па маім аналізе тых, хто дакрануўся да бел-чырвона-белага сцяга. Але ўсе пратаколы пісаліся пад кальку таму, што ўсе яны аднолькавыя. Напрыклад, я і Эдвард Дмухоўскі былі ў Свіслачы, але не паехалі ў Якушоўку, а гэта ўсё было запісаны ў пратаколе як і ва ўсіх, што мы былі ў Якушоўцы, там выступалі і супрацоўнікі міліцыі проста сведчылі на судзе, ім задавалі пытанні: “Вы канкрэтна мяне бачылі?”, ён кажа: “Канкрэтна я бачыў”. А калі пераходзілі да відэаматэрыялаў, да той славутай тэхнікі, якой узброеныя зараз нашыя ахоўнікі парадку, аказалася, што гэта славутая тэхніка пацвердзіла нашыя словы, што нас там аказваецца не было. Але самае галоўнае, што чалавек у пагонах выходзіць, ён не задумваецца пра тое, што ўсё ж такі гэта суд, што ён распісваецца.
РР: Але хоць заўважна, што саромеецца?
Віктар Сазонаў: Я думаю, што ўсё ж такі ўсе на свеце людзі і безумоўна ў кожнага чалавека нешта ў сярэдзіне ёсць. Зразумела, што яны там сябе апраўдваюць, што вось яны ўсё ж такі нешта там прадухілілі, можа нават пайшлі на нейкі там падман. Здольнасць чалавека самога сябе апраўдаць яна бясконцая проста. Думаю, што ў гэтых людзей такое ёсць. Але ўсё адно ў іх застаецца, я думаю, у душы нешта непрыемнае ад таго, што яны самі робяць.
Гарадзенскі праваабаронца і публіцыст Віктар Сазонаў быў госцем выніковага эфіру на хвалях нашага радыё, у час якога мы падводзілі вынікі 2015 года. У прыватнасці, наш госць пракаментаваў пераслед удзельнікаў Свіслацкага фэста.
Гутарылі Улад Грынеўскі ды Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя