Віктар Сазонаў: Суд над Банцэрам – палітычны



У судзе Ленінскага раёну Гародні адбываецца працэс над прадстаўніком андэграўнду, музыкам гурта Mister X Ігарам Банцэрам, якога судзяць за вулічны перформанс.

За працэсам сочыць праваабаронца Віктар Сазонаў:

– Калі гаварыць пра працэс Банцэра і пра тое, як ён сам ставіцца да гэтага. Чалавек зрабіў перформанс, чалавек растлумачыў, што ён зрабіў. Ён адмовіўся ад адваката, таму што лічыць, што ён яму непатрэбны. Ён настолькі лічыць сябе не вінаватым, што абвясціў сухую галадоўку. І гэта ўжо тыя самыя фактары, якія паказваюць стаўленне самога Банцэра да гэтага працэсу і да таго, што там адбываецца.

Віктар Сазонаў лічыць працэс над музыкам палітычным:

– Ён прад’явіў суду хадайніцтва, каб суд вёўся па-беларуску. Суд адхіліў гэтае хадайніцтва. Ён не хоча весціся па-беларуску ў краіне Беларусь. І таму, калі нам гаварыць, ці палітычна матываваны гэты суд, ну дык ясна, што палітычна матываваны, калі ён баіцца беларускай мовы ў зале беларускага суда.

Ігар Банцэр знаходзіцца за кратамі з канца кастрычніка 2020 году, калі невядомыя ўламаліся ў жытло да яго сям’і і забралі актывіста на “дачу паказанняў”. З таго часу сувязь з актывістам падтрымлівалася толькі праз адваката і праз родных. За апошнія месяцы Ігара Банцэра неднаразова адпраўлялі ў карцар гарадзенскай турмы, а таксама на прымусовае псіхалагічнае абследаванне ў Навінкі.

Беларускае Радыё Рацыя