Віктар Сазонаў: Ці будуць пратаколы – неўзабаве пабачым
У Свіслачы і Якушоўцы прайшоў традыцыйны фэст памяці паўстанцаў Каліноўскага 1863-1864 гадоў.
У гэтых мясцінах было радавое гняздо Каліноўскіх, таму тут грамадскія актывісты Гарадзеншчыны традыцыйна і праводзяць агульнабеларускі фестываль “Дзень памяці паўстанцаў 1863 года”. Як распавёў у інтэрв’ю Антону Разумоўскаму ўдзельнік падзей Віктар Сазонаў, акцыя прайшла без затрыманняў, але не выключыў, што пазней міліцыянтамі будуць складзеныя пратаколы.
– У пазамінулым годзе і ранейшыя гады ўсё здымалася на камеру. Безумоўна, складваліся пратаколы за трыманне бел-чырвона-белага сцяга, што аўтаматычна прыраўноўваецца да несанкцыянаванага мерапрыемства, а сцягоў сёлета вельмі многа. І гэтыя людзі падляталі да кожнага, хто быў са сцягам, і фатаграфавалі, быццам бы на пашпарт, з 2 метраў. Таму мы чакаем, што сёлета вельмі хутка пабачым пратаколы.
Удзельнікі фэсту памяці паўстанцаў Каліноўскага наведалі не толькі Свіслач, але і Якушоўку, дзе знаходзілася сядзіба сям’і Каліноўскіх, а зараз стаіць памятны крыж. Сёлета адзначаецца 155-ая гадавіна з часу пачатку паўстання, лідарам якога на нашых землях быў Кастусь Каліноўскі.
Поўны гук слухайце ў далучаным файле:
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя