Віктар Сазонаў: Улада не хоча пачуць патрабаванні грамадства



Улады не намераны саступіць ані на ёту ў справядлівых патрабаваннях беларусаў, мяркуе праваабаронца з Гародні Віктар Сазонаў.

Гэта відаць, па тым, што цывільнае грамадства няскорана і намагаецца выканання сваіх патрабаванняў, а ўрадавыя баевікі – імкнуцца знішчыць пратэсты на вуліцах. Драматычная ілюстрацыя гэтаму – падзеі ў Гародні ў нядзелю, з прымяненнем газу супраць мірных людзей, масавыя захопы, збіццё і калецтва.

Кажа праваабаронец Віктар Сазонаў:

– І ўжо мы бачылі на пачатку людзей, якіх цягнулі ў аўтазакі сілай. Пасля мы бачылі, як ім пачынаюць заломваць рукі. Пасля мы бачылі ўжо і прымяненне газу. І зноў збіванне людзей дубінкамі. І мы бачым, што гэты ціск узмацняецца і даволі хутка, я думаю, зноў набярэ гэтыя формы, якія былі 9-13 жніўня.

Цікавае назіранне: падчас гвалту, якое чыняць урадавыя баевікі ў закрытых масках і без знакаў адрознення, цывільнае грамадства праяўляе ўсё большую грамадзянскую свядомасць і вымагае выканання законаў, якія дзесяцігоддзі перакручваліся ўсімі сілавымі і карнымі органамі Беларусі.  Ужо дзясяткі скаргаў накіраваны ў пракуратуру – адказаў няма. Як дамагчыся справядлівасці ведаюць праваабаронцы, кажа Віктар Сазонаў:

– Безумоўна мы даём рэкамендацыі як правільна людзям паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі ў межах заканадаўства. І я думаю, што так як ва ўладаў паднялася неверагодна высокая планка рэпрэсій, так у грамадства паднялася неверагодна высока планка грамадзянскай свядомасці і стала неверагодна моцна запатрабавана выкананне нормаў заканадаўства, існавання вось гэтых правілаў жыцця грамадства.

Законы павінны працаваць, мяркуе праваабаронца, дзе „урад для народу”, а не наадварот. Менавіта мірны супраціў грамадства за адстойвання правоў змусіць урад шанаваць справядлівасць і адказаць па законе.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя