Віктар Шалкевіч: Новы альбом – гатовы



Гарадзенскі выканаўца Віктар Шалкевіч падрыхтаваў да выдання новы альбом сваіх песень. Пра гэта спявак паведаміў на творчай сустрэчы, што адбылася ў цэнтры Гародні ў прасторы «Цудоўня»:

Уся справа ў мастаках. Адзін браўся – не зрабіў, зараз другі бярэцца. Альбом запісаны, практычна засталося яго толькі выдаць. Выдаваць будзе Павел Мажэйка, Цэнтр гарадскога жыцця. Альбом запісаны нармальна, у Баранавічах. Шмат новых песень.

Па словах спевака, тэма новага альбома — гэта геаграфія і падарожжы:

Песні заўсёды аб’яднаныя геаграфіяй. Там і пра станцыю Буслы, і як прыгожа свеціць месяц над станцыяй Аляхновічы пад Маладэчнам. Ведаеце, геаграфія, падарожжы больш за ўсё натхняюць. Што напішаш седзячы ў кабінеце? Нічога.

На сустрэчы ў Гародні Віктар Шалкевіч выступаў без гітары і выканаў некалькі сваіх празаічных твораў. Канцэрт Шалкевіча адбудзецца ў Гародні праз некалькі тыдняў у прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця».

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня