Віктар Стукаў: Хачу давесці факт дыскрымінацыі



Старшыня Свабоднага прафсаюза вытворчага аб’яднання «Полацак-Шкловалакно» Віктар Стукаў на сваім прыкладзе праз суд хоча давесці факт дыскрымінацыі сяброў Свабоднага прафсаюзу на сваім прадпрыемстве. Звальненне прафсаюзнага лідара адбылося без якога-небудзь узгаднення з яго прафсаюзнай арганізацыяй. Двойчы Віктар спрабаваў аспрэчыць гэта ў судзе. Суд не прыняў да разгляду гэтую справа, але вызначыў канкрэтныя органы, якія павінны ўстанавіць факт дыскрымінацыі.

Кажа Віктар Стукаў:

– Пры звальненні працаўнікоў, якія знаходзяцца ў афіцыйным прафсаюзе, патрэбны дазвол прафсаюза. А ў адносінах працаўнікоў, якія з’яўляюцца чальцамі Свабоднага прафсаюза, – дастаткова проста паведаміць прафсаюзу пра звальненне, як бы не патрэбы дазвол. Вось гэта і ёсць прамая дыскрымінацыя. Такім чынам, пры маім звальненні быў факт дыскрымінацыі. У мяне ўжо падрыхтаваныя дакументы і можна звяртацца ў Камітэт па правах чалавека.

Нягледзячы на прадпісанне суда, кіраўнік прадпрыемства адмовіўся весці перамовы са Свабодным прафсаюзам. Таму Віктар Стукаў падаў заяву ў Аддзел прымусовага выканання з патрабаванне прымусіць кіраўніка ўступіць у перамовы. “Спачатку яны не хацелі браць заяву, але ўсё ж такі ўзялі. Паглядзім, як цяпер яны будуць пераадольваць юрыдычныя перашкоды,” – адзначыў Віктар Стукаў.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота vitebskspring.org