Віктар Стукаў: Полацкая міліцыя бярэ матэрыялы ДНК у актывістаў



Раней міліцыянты практычна ва ўсіх грамадскіх актывістаў імкнуліся ўзяць адбіткі пальцаў, а цяпер выклікаюць на здачу матэрыялаў ДНК.

Актывіст Свабоднага Прафсаюзу Беларускага Віктар Стукаў быў вымушаны пагадзіцца на патрабаванне міліцыянтаў: дзеля гэтага супрацоўнік полацкай міліцыі прыйшоў да яго асабіста. Працэдура адбылася проста на вуліцы, распавёў актывіст:

– Міліцыянт прыехаў у цывільным, назваўся, паказаў пасведчанне. Проста каля пад’езда, на лавачцы даў два пачакі з ватай, сказаў, каб патрымаў у роце каля правай шчакі, потым каля левай. Патлумачыў, нібыта гэта звязана з тым, што я праходжу па нейкай крымінальнай справе. Але такую працэдуру ў Полацку праходзяць усе, хто “засвяціўся” па адміністрацыйных ці крымінальных справах падчас пратэстаў.

Віктар Стукаў адзначае, што заканадаўства абавязвае грамадзянаў здаць матэрыялы ДНК на патрабаванне міліцыі, калі яны маюць дачыненне да крымінальных справаў. Але працэдуру праводзяць і з тымі, хто меў толькі адміністрацыйнае спагнанне. Паводле Віктара Стукава, у Полацку быў выпадак, калі чалавек адмовіўся здаць матэрыялы ДНК. Тады да яго прыйшлі з ператрусам, наладзілі ў хаце сапраўдны пагром, а потым распачалі крымінальную справу, каб займець афіцыйныя падставы для забору біяматэрыялаў.

Беларускае Радыё Рацыя