Віктар Стукаў: Сілавікі імкнуцца кантраляваць актывістаў



Жыхар Полацка, актывіст Свабоднага прафсаюзу беларускага Віктар Стукаў мае статус сведкі ў крымінальнай справе, распачатай паводле артыкула 341 (“апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці”). 

Сутнасць справы палягае ў тым, што ў вёсцы Завозер’е Полацкага раёну на аўтобусным прыпынку нехта напісаў словы “Мент” і “Суд”. У полацкага актывіста  правялі ператрус і забралі мабільны тэлефон. Паводле ягоных звестак, падобныя ператрусы, а таксама выклікі да следчых сталі масавай з’явай у Полацку. Прычым пад увагу сілавікоў трапляюць тыя, хто раней быў заўважаны на так званых несанкцыянаваных масавых акцыях, адзначае Віктар Стукаў:

– На мой погляд, фэйкавыя нейкія справы, каб пад іх выклікаць усіх, каго яны захочуць. На першы погляд, мэта – гэта каб трымаць пад кантролем актыўных людзей, якія “засвяціліся” у сваёй нелаяльнасці і пратэстах супраць уладаў цяперашніх. Другая мэта – каб выштурхоўваць іх за межы краіны. Маўляў, з’язджайце або сядзіце ціха, як мыш пад венікам!

Апрача надпісаў на прыпынку ў вёсцы Завозер’е, полацкія міліцыянты займаюцца пошукамі тых, хто расфарбаваў у Полацку лаўку ў белы і чырвоны колеры. Паводле гэтых інцыдэнтаў ужо былі апытаныя следчымі некалькі дзясяткаў мясцовых жыхароў, у некаторых з іх забралі аргтэхніку, якую абяцаюць аддаць толькі праз 1-2 месяцы.

Беларускае Радыё Рацыя