Віктар Талмачоў дае сёмы „дэпутацкі” старт



77-гадовы лідар грамадскай арганізацыі “Беларускі зялёны фронт”, грамадскі старэйшына Першамайскага раёна Менска Віктар Талмачоў заявіў пра намер сёмы раз запар балатавацца ў Менгарсавет.

Ён будзе вылучацца па 49 сталічнай акрузе, дзе і пражывае, шляхам збору подпісаў выбарцаў. Кіраўнік ініцыятыўных груп супраць разбурэння аўтавакзала “Маскоўскі”, а цяпер аэрапорта “Менск-1” пастаянна сустракае перашкоды ад уладаў.

У спецслужбаў, што, безумоўна, кантралююць хаду выбараў, свае рэзоны і інструкцыі: Талмачоў, маўляў, не тое, не так, не там сказаў… Маё крэда – самакіраванне. Бо тое, што нават прымаецца ў “вярхах”, часам альбо скрыўлена даносіцца ў “нізы”, альбо не выконваецца як след. Лічу сваёй галоўнай задачай “скрыўленні” выпраўляць і публічна пра іх паведамляць.

За папярэднія гады дэпутацтва Віктар Пятровіч унёс 950 (!) дзелавых прапаноў па эканоміцы і сацыяльнай сферы ў Саўмін і столькі ж у Адміністрацыю прэзідэнта. Паводле намесніка прэм’ера Калініна, 60 % з іх былі прынятыя да ведама і ў справу.

Талмачоў дамогся поспеху ў змаганні за Севастопальскі парк — “зялёныя” лёгкія Менска, праз зялёную зону якога мусіла прайсці трэцяе транспартнае кальцо і, увогуле, пасля мусіў быць забудаваны хмарачосамі. Прама на лядовай трасе перагаварыў з Лукашэнкам і дамогся мільёна еўра на рэканструкцыю і рамонт славутага “машэраўскага” дома ў мікрараёне “Васток”, дзе жыве беларуская эліта спорту, навукі, культуры. Параўнальна нядаўна выйграў суд супраць мясцовага мярзотніка і “сэксота”, што жорстка збіў яго з-за таго, што выступаў супраць будаўніцтва аўтастаянкі прама пад вокнамі жыхароў. Чатыры разы запар быў дэпутатам былога Вярхоўнага Савета і Палаты прадстаўнікоў. Шэсць разоў – розных скліканняў Менгарсавета. Ён таксама з’яўляецца генеральным дырэктарам аднайменнага авіяцыйнага вопытна-канструктарскага бюро “Талмачоў”.

Пра свае будучыя намеры, калі абяруць, – у далучаным гукавым файле.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара