Віктар Ведзень: Калі ў руках фотаапарат, то дахаты можаш і не вярнуцца



Асноўным доказам гвалту над беларусамі падчас пратэстаў з’яўляюцца фотаздымкі. Менавіта яны без слоў паказваюць рэчаіснасць. І паводле іх у будучыні будуць судзіць рэжым Лукашэнкі.

З сённяшнім „Госцем Рацыі” Віктарам Ведзенем пагутарым пра тое, як правільна фіксаваць вулічныя акцыі на фотакамеру, як змяніліся беларусы і які ён – сучасны беларускі фотаздымак.

РР: У чым спецыфіка працы фотажурналіста на пратэстах у Беларусі. 

– На такіх падзеях, якія зараз адбываліся і адбываюцца не толькі ў Беларусі, журналіст, фотажурналіст можа быць затрыманы, яго могуць пабіць, тэхніка таксама можа быць пашкоджана. Мы гэта ўжо бачылі. Колькі было гэтых затрыманняў нічым неабгрунтаваных, калі людзі проста рабілі сваю працу, рабілі яе афіцыйна. Чалавек, які знаходзіцца на вуліцы, ён мае права здымаць, ён з’яўляецца сведкам гэтых падзей. Звычайна ён нікому не перашкаджае, ён не можа ўмешвацца ў працэс. Проста фіксуе падзеі з розных бакоў, тое што адбываецца. Тэхнічна складана рабіць гэта на вялікіх адлегласцях. Трэба быць побач, каб перадаць атмасферу. Такая задача стаіць перад фотажурналіста. Асаблівасць такая, што калі ты здымаеш, то не можаш дакладна сказаць ці вернешся ты ў гэты дзень назад дахаты. У любы момант, нават проста гуляючы з фотаапаратам цябе могуць затрымаць ці запытаць чаму ў цябе фотаапарат. Я думаю, што складанасць у гэтай неадэкватнай рэакцыі, жаданні не дапусціць людзей з фотаапаратамі, прафесійных фатографаў, каб яны маглі працаваць, каб яны маглі фіксаваць тое, што насамрэч адбываецца. Таксама гэта пагроза здароўю, бяспецы, а таксама тэхніцы. Замежныя фотажурналісты таксама траплялі пад гэты ціск.

РР: Якія б парады вы далі  тым, хто самастойна робіць фотаздымкі?

– Сапраўды, прафесійны журналіст, фатограф, ён не заўсёды зможа знаходзіцца ў тым месцы, дзе ён павінен знаходзіцца па розных прычынах. На жаль паўсюдна не можаш быць і ўсё зрабіць не можаш, колькі б фатографаў не было. Добра, што людзі зараз здымаюць фота і відэа. Сэнс у тым, каб аператыўна перадаць у рэдакцыю, куды б яны хацелі ці падзяліцца ў сацыяльных сетках. Увогуле гэтыя фота і відэаматэрыялы могуць таксама быць выкарыстаныя ў якасці доказу невінаватасці чалавека. Першапачаткова гэтыя фотаздымкі нясуць у сабе фотадакументальны характар. Я б параіў не баяцца здымаць, па магчымасці падысці бліжэй, рабіць буйныя планы, не баяцца здымаць шмат, рабіць некалькі дубляў здымкаў. Лепш гэта інфармацыя з’явіцца пазней, але ў чалавека будзе магчымасць спакойна выбраць здымкі. Канешне спрабаваць сябе неяк забяспечыць, сваё здароўе, сваю тэхніку. Добра трымаць у руцэ, мець магчымасць хуткага доступу да фотаапарата. Па магчымасці рабіць копіі і сачыць за тымі людзьмі, якія знаходзяцца побач, глядзець на іх рэакцыю. Можа ў некаторых выпадках запытаць ці можна паздымаць, каб было менш пытанняў. 

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

З „Госцем Рацыі”, фатографам Віктарам Ведзенем размаўляла Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя