Віктара Сырыцу пахавалі пад бел-чырвона-белым сцягам



У Баранавічах на могілках у вёсцы Русіно знайшоў сваё апошняе прыстанішча старшыня Баранавіцкай суполкі Таварыства беларускай мовы, старшыня мясцовага аддзялення руху “За свабоду”, праваабаронца  Віктар Сырыца. Адпяванне правёў грэка-каталіцкі святар а. Яўген Маліноўскі. На развітанне з Віктарам Сырыцам прыехалі прадстаўнікі партый і грамадскіх арганізацый з Менска, сябры, паплечнікі, суседзі.  Шмат добрых слоў, якія заслужыў Віктар Сырыца, прагучала ў ягоную памяць. Кажа Таццяна Равяка:

Мы заўсёды, калі сустракаліся ці развітваліся, віталі, абдымалі адзін аднаго. І я да гэтага часу памятаю, як пасля выбараў, пасля вялікай працы, стомлены, ён прыехаў, мы абняліся і Віктар кажа: “Ну, што. Гэта скончылася. Працягваем далей жыць”. І так зусім нечакана ўсё гэта абарвалася…

Адзін з бліжэйшых паплечнікаў Сырыцы Уладзімір Гундар падкрэсліў сімвалы жыцця памерлага:

– Яго жыццё – гэта сімвал. Нарадзіўся ён у год і дзень, калі памёр Сталін. Пайшоў з жыцця ў дзень падзення Берлінскага муру. І сёння мы яго хаваем таксама сімвалічна – у 100-гадовы юбілей адкрыцця афіцыйнай беларускай школы.

Пахаваны Віктар Сырыца пад бел-чырвона-белым сцягам 13 лістапада ў магіле пад нумарам 13. Жонка Віктара Таццяна, былая настаўніца рускай мовы,  паклялася на магіле мужа, што працягне справу мужа і мовай яе будзе ад сённяшняга дня толькі беларуская.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя