Віктару Дзесяціку споўнілася б 60 гадоў



7 траўня споўнілася б 60 гадоў беларускаму грамадскаму актывісту са Свіслачы Віктару Дзесяціку.

Віктар Дзесяцік нарадзіўся 7 траўня 1959 года ў Свіслачы. Вучыўся ў Свіслацкай школе, пазней працаваў у родным горадзе. Вядомы як шчыры, адданы беларускай справе патрыёт, лідар свіслацкай Грамады (БСДГ), сябра праваабарончага цэнтру “Вясна”, адзін з арганізатараў традыцыйнага штогадовага фэсту Дзень памяці паўстанцаў 1863 года. Пяць гадоў таму беларуская грамадскасць зазнала вялізную страту. Віктар Дзесяцік рыхтаваў чарговы фэст, але не дажыў да яго. Цяжкі інсульт падпільнаваў яго ў 55 год, а ўсім здавалася, што гэты энергічны, няўрымслівы чалавек яшчэ шмат чаго паспее і зробіць для агульнай беларускай справы і для свайго гораду. Але вышэйшыя сілы нібыта адмыслова падгадалі дзень адыходу гэтага чалавека ў лепшы свет якраз да чарговага Дня памяці Герояў.

Віктар Дзесяцік быў дбайным гаспадаром і адказным бацькам, сапраўдным сем’янінам і надзейным сябрам. Ніколі не шкадаваў свайго часу, сілаў і асабістых сродкаў на грамадскія справы, даводзіў іх да канца. Чалавек – аголены нэрв, вельмі востра перажываў несправядлівасць, якой так шмат у сучаснай Беларусі. Напэўна і таму яго арганізм не вытрываў вялікай напругі. Ня меў вышэйшай адукацыі, але меў вельмі дасціпны розум, цікавіўся тэхнічнымі навінкамі, цэлы час насіўся з нейкімі кампутарнымі праграмамі, прапаноўваў іх усталяваць іншым. У яго асабістым акаўнце фэйсбуку так і засталася застаўка “Свабоду палітвязням!”.

Віктар Дзесяцік з сябрамі неаднаразова праводзіў не толькі памятныя, але і праваабарончыя акцыі салідарнасці ў сваім горадзе. Быў актыўным і ў палітычных кампаніях. Фактычна з нуля стварыў у Свіслацкім раёне дзейсную суполку партыі Грамада. У 2010 годзе сам балатаваўся ў дэпутаты Гродзенскага абласнога савету ад БСДГ, вёў актыўную кампанію сярод жыхароў. Тады ў яго падтрымку з Менску ў Свіслач прыязджаў старшыня партыі, былы кіраўнік дзяржавы Станіслаў Шушкевіч.

Віктар Дзесяцік быў сапраўды чалавекам пагранічча, часта ездзіў на Беласточчыну, марыў пра хутчэйшыя ўводзіны малога памежнага руху і ўвогуле ліквідацыю штучнай мяжы паміж Беларуссю і Еўропай. Вазіў у сваю родную Свіслач газету “Ніва”, распаўсюджваў тыднёвік сярод свіслацкіх жыхароў. Аднойчы на мытні ў яго забралі частку накладу “Нівы”. Улады таксама штрафавалі, цкавалі яго за акцыі памяці, а ён зазвычай рэзка і катэгарычна, але справядліва, адказваў мясцовым чыноўнікам і бюракратам, суддзям, якія толькі хавалі вочы і маўчалі. Вельмі любіў сваю родную Свіслач, распрацоўваў краязнаўчыя маршруты, дзякуючы найперш яго высілкам у 2012 годзе быў выдадзены краязнаўчы даведнік аўтарства Мікалая Пакутніка “Імёны і гістарычныя помнікі Свіслацкай зямлі”. Усюды, дзе мог, Дзесяцік папулярызаваў свіслацкія мясціны і выдатных землякоў.

Памёр грамадскі актывіст 23 кастрычніка 2014 года. Пахаваны Віктар Дзесяцік на старых свіслацкіх могілках паблізу праваслаўнай царквы, побач з сваім бацькам, на абодвух магілах помнікі з напісамі па-беларуску.

Зусім недалёка і магіла іншага Віктара – Каліноўскага, ідэолага вызвольнага руху, з якой у фэст звычайна пачынаецца ўшанаванне нашых патрыётаў дзевятнаццатага стагоддзя. Віктар Дзесяцік таксама выступаў за праўду і адраджэнне нацыянальнай годнасці. Відаць, гэта найвышэйшая місія чалавека на гэтым свеце – быць і змагацца за праўду. Віктар Дзесяцік за сваё нядоўгае жыццё такую місію паспеў рэалізаваць.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара