Вікторыя Фаміна: Грамадскія ініцыятывы мацуюць нашу супольнасць



Грамадска-культурніцкая ўстанова “Vitebsk4me” (“Віцебск для мяне”) падсумавала вынікі народнага галасавання за найлепшую ініцыятыву 2019-га года.

У сярэдзіне красавіка мусіў адбыцца “Грамадскі фуршэт” – уганараванне пераможцаў, неабыякавых людзей, чые прыватныя праекты змянілі да лепшага ўвесь рэгіён. Але планы перакрэсліла эпідэмія каронавіруса: кажа каардынатарка праектаў Вікторыя Фаміна:

– “Грамадскі фуршэт” – гэта такая публічная падзяка, каб звярнуць увагу, колькі ў нас ёсць цікавых ініцыятываў і падзей. У папярэднія гады мы імкнуліся зрабіць яго ўрачыстым, прасілі прыходзіць у прыгожых сукенках, гарнітурах…А цяпер мы хочам хаця б поштай даслаць дыпломы нашым пераможцам, калі стане магчыма, то пазней зрабіць нейкую імпрэзу.

Пераможцы вызначаны ў некалькіх намінацыях, і пра некаторыя выбітныя падзеі і ініцыятывы, прызнаныя самымі вартымі, Беларускае Радыё Рацыя паведамляла на працягу мінулага году. Прыкладам, у намінацыі “Лідар года” перамог віцебскі прадпрымальнік Максім Жукаў, які аднаўляе сядзібу знакамітага батаніка Уладзіміра Адамава, у намінацыі “Культурніцкі праект” першае месца атрымаў спектакль “Ваўкалак” віцебскага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, а ў намінацыі “Сацыяльны праект” была адзначана суполка “Добрае сэрца”, якая зладзіла незабыўнае навагодняе свята для дзяцей з вёскі Замшына, чые бацькі засталіся пад Новы год без заробкаў.

На думку Вікторыі Фаміной, грамадскія ініцыятывы карысныя тым, што яны мацуюць супольнасць, навучаюць беларусаў гуртавацца. І гэта спраўдзілася ў цяперашнія нялёгкія часы, калі сотні валанцёраў, нават не здагадваючыся, што гэта і ёсць грамадская дзейнасць, дапамагаюць лекарам і адно аднаму супрацьстаяць эпідэміі каронавіруса – шыюць маскі, ахвяруюць грошы, збіраюць самае неабходнае для лякарняў і іх пацыентаў.

Цалкам гутарку з Вікторыяй Фаміной слухайце тут:

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя