Вікторыя Фёдарава: Сілавікі не маюць права хапаць і збіваць людзей
Масавыя затрыманні ў Беларусі на гэтым тыдні характарызаваліся неправамерным збіццём асобаў, якія выйшлі на мірныя акцыі салідарнасці.
Прававую ацэнку дзеянням міліцыі і АМАПу падчас анлайн-агляду дала кіраўнічка грамадскага аб’яднання „Прававая ініцыятыва” Вікторыя Фёдарава:
– Першае, самае асноўнае – гэта тое, што супрацоўнікі міліцыі не маюць права, нават пры парушэнні грамадзянамі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, нашага нацыянальнага заканадаўства, збіваць і жорстка з ужываннем сілы затрымліваць людзей. Падобныя дзеянні, якія мы назіралі на шматлікіх відэа, стрымах – гэта парушэнні часткі 3 артыкула 25 Канстытуцыі – забарона катаванняў і жорсткага абыходжання.
Прадстаўнікі „Прававой ініцыятывы” заклікаюць беларусаў абнародаваць выпадкі перавышэння паўнамоцтваў службовымі асобамі і пісаць скаргі на такія дзеянні.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск