Вікторыя Фёдарава: Цяжка падлічыць зніклых людзей, бо наяўныя дадзеныя абвяргаюцца МУС
Вызваленыя вязні Акрэсціна ёсць сведкамі, якія могуць распавесці пра масавыя правапарушэнні ўнутры ізалятараў. Падчас анлайн-размовы «Умовы ўтрымання на Акрэсціна: мы там былі» ўдзельнікі агучылі асноўныя парушэнні з боку сілавікоў.
На фактычнае замоўчванне інфармацыі адказнымі дзяржструктурамі звярнула ўвагу праваабаронца Вікторыя Фёдарава:
– Праблема ў тым, што мы можам апеляваць той інфармацыяй, якая падаецца афіцыйнымі крыніцамі. Гэта прэс-служба СК. Гэта каля 7 тысяч чалавек затрыманы цягам тыдня. Што тычыцца зніклых, лічбы вельмі розняцца. Улады ўвогуле адмаўляюць зніклых людзей. Было сказана, што незалежныя тэлеграм-каналы і незалежныя СМІ распаўсюджваюць фэйкі, а ўсе людзі дома ці арыштаваныя. І яны не далі ніякай афіцыйнай інфармацыі і ніякіх лічбаў. Яны адмаўляюцца даваць інфармацыю. Тое ж тычыцца і людзей, якія знаходзяцца ў шпіталях. Гэту інфармацыю збіраюць валанцёры і людзі, якія з бальніц не баяцца даваць такую інфармацыю. Вельмі шмат людзей знаходзяцца ў шпіталях у крытычным стане.
Нягледзячы на цяжкасці з доступам да інфармацыі аб зніклых і пацярпелых у выніку гвалтоўных дзеянняў сілавікоў па ўсёй Беларусі, праваабаронцы працягваюць збор і аналіз дадзеных.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск