Вікторыя Фёдарава: Вязняў працягваюць у ЦІПе прэсаваць



Кіраўнік РГА “Прававая ініцыятыва” Вікторыя Фёдарава распавяла пра тое беззаконне, што зараз творыцца ў сталічным Цэнтры выканання пакаранняў на Акрэсціны.

Вікторыя Фёдарава: Паколькі адвакатаў не пускалі ў ЦІП, мы мелі інфармацыю пра тое, што там адбываецца толькі ад тых, хто вызваляецца. І бачым, што вязні, якія зараз знаходзяцца ў ізалятары, атрымліваюць новыя пакаранні.

Гэта выглядае так. Чалавек адбывае адміністрацыйны арышт, але супрацоўнік РУУС прывозіць новы пратакол по новай адміністрацыйнай справе і зняволенага судзяць па скайпе. І чалавек атрымлівае новыя суткі.

РР: Стала вядома пра тое, што ў ізалятары для вязняў створаны нечалавечыя ўмовы…

Вікторыя Фёдарава: Так, ёсць праблема і з перадачамі вязням, былі факты, калі хлорку вылівалі на падлогу ў камеру, як быццам дзеля таго, каб праводзіць санітарную апрацоўку памяшкання, а насамрэч стваралі для зняволеных жудасныя ўмовы ўтрымання.

Адным словам, пад выглядам барацьба з каронавірусам людзей натуральным чынам катуюць. Забарона на перадачы – гэта асобная тэма для размоў, бо людзі не маглі атрымаць нават элементарныя сродкі асабістай гігіены.

Але тыя, хто прыдумаў такія правілы, забыліся, мабыць, што права на абарону – яно бяспрэчнае. І гэта не праблема вязня, што па нейкіх прычына[ у абароне адмаўляюць. Калі вы так баіцеся каронавіруса, то ёсць шмат іншых варыянтаў, каб арганізаваць гутарку адваката і яго кліента за кратамі. Ніякай параблемы не складае зрабіць гэта па скайпе. Але відавочна, што жадання так зрабіць няма. Вязняў працягваюць у ЦІПе прэсаваць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя