Вікторыя Фёдарава: Здарыўся беспрэцэдэнтны выпадак прававога дэфолту ў Беларусі



За гвалт супраць грамадзян на вуліцах беларускіх гарадоў пакуль перад законам не адказаў ніводзін чыноўнік ці «сілавік». Памяць пра забітых і збітых з 9 жніўня штурхае людзей зноў выходзіць на вуліцы ў знак пратэсту. А днямі Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі запатрабаваў у пракуратуры Менску даць справаздачу аб праведзенай працы ў сувязі з катаваннямі на Акрэсціна.

Пра тое, як можна абараніць беларусаў, пацярпелых ад гвалту, і як пакараць вінаватых, са старшынёй арганізацыі «Прававая ініцыятыва» , госцем Беларускага Радыё Рацыя Вікторыяй Фёдаравай гутарыла Вольга Сямашка.

РР: Распавядзіце, калі ласка, як стваралася “Прававая ініцыятыва” і ці думалі стваральнікі пра тое, што калі-небудзь прыйдзецца працаваць ва ўмовах такога палітычнага крызісу, які зараз склаўся ў Беларусі?

– “Прававая ініцыятыва” была створана ў 1996 годзе, ужо практычна 25 год мы працуем. Розныя перыяды былі, асабліва, канешне, кожная прэзідэнцкая кампанія звязаная з пэўным павышэннем узроўню рэпрэсій. 2010 год быў дастаткова складаным, але тое, што адбылося сёлета, гэта, канешне, беспрэцэндэнтны выпадак не толькі з-за тых масавых парушэнняў, якія былі і ўсё яшчэ працягваюцца, але і тое, што мы можам адзначыць поўны прававы дэфолт. Мы бачым, што зараз  закон зусім не працуе ва ўсіх сферах.

РР: То бок мы можам казаць пра тое, што ў Беларусі нават пануе прававы нігілізм ці прававая анархія. Як увогуле зараз мусяць выконвацца законы ў адсутнасці легітымнага прэзідэнта?

– На жаль, на гэтае пытанне немагчыма адказаць. Але, мне падаецца, што мы самі яшчэ не да канца ўсвядомілі, таму так ці інакш нам даводзіцца камунікаваць з дзяржаўнымі органамі, напрыклад, шляхам падачы скаргаў ад імя нашых заяўнікаў, пацярпелых. Для таго, каб ахвяра катаванняў звярнулася з заявай у Следчы камітэт, каб атрымаць нейкі вынік на нацыянальным узроўні.

Гэтак жа сама нам даводзіцца звяртацца са скаргамі на пастановы па адміністрацыйных справах. Ужо тысячы гэтых спраў па 23.34 КаАП, класічныя гэтыя справы па масавых мерапрыемствах, абскарджваем. Але зараз ужо мала хто з праваабаронцаў, напэўна, і з адвакатаў, верыць у тое, што на нацыянальным узроўні можна атрымаць хоць нейкі вынік.

Зараз мы гэта робім толькі для таго, каб фіксаваць сам факт парушэння. Канешне, вельмі важна, што ўсе тыя людзі, якія падпісваюць рашэнні судоў другой інстанцыі, ставяць подпісы і свае прозвішчы. Пасля можна будзе казаць, што гэтыя людзі былі датычныя да масавых парушэнняў правоў чалавека. Вельмі складана казаць зараз пра тых людзей, якія на вуліцах робяць бязмежжа, таму што яны ў балаклавах, яны не прадстаўляюцца, яны не паказваюць службовых пасведчанняў. Больш за тое, калі яны прыходзяць у суд сведчыць, яны сведчаць не толькі ў балаклавах, але і пад фэйкавымі імёнамі. Уся камунікацыя з дзяржаўнымі органамі зараз у прынцыпе накіраваная на тое, каб зафіксаваць парушэнні і зафіксаваць тое, хто датычны да гэтых парушэнняў.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя