Вінаваты, бо журналіст
Магілёўскія журналісты Аляксандр Буракоў і Уладзімір Лапцэвіч, якія застаюцца да суда ў мясцовым ізалятары часовага ўтрымання, абвясцілі галадоўку. Такім чынам яны пратэстуюць супраць свайго затрымання ды адміністратыўнай справы. Іх затрымалі, калі яны прыйшлі асвятляць закрыты працэс над палітвязнямі Паўлам Севярынцам і сябрамі «Еўрапейскай Беларусі».
Затрыманні журналістаў каментуе намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:
– Кампанія запалохвання. Раз не пабаяліся выйсці сюды, пабыць тут, напісаць. Ну пасядзіце яшчэ раз у ізалятары часовага ўтрымання. Наступны раз увогуле ніхто з журналістаў не прыйдзе. Падобна, што ўвогуле ўлады зараз настройваюць журналістаў на тое, што калі ты сутыкнуўся з міліцыяй, калі кудысьці выйшаў асвятляць нешта, то рыхтуйся да таго, што сядзеш на суткі.
Журналістам Уладзіміру Лапцэвічу і Аляксандру Буракову інкрымінуюць артыкул нібыта за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна цягам году (ч. 3 арт. 24.23 КаАП). Затрыманыя да суду правялі суткі ў ізалятары, пратаколы на іх складалі ў прысутнасці адвакатаў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя