Віншаванне з Вялікаднем ад архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія
Сёння праваслаўныя вернікі адзначаюць Свята Вялікадня.
З пастырскім словам да вернікаў звярнуўся Высокапраасвяшчэннейшы Арцемій, арцыбіскуп Гарадзенскі і Ваўкавыскі:
ПАСХАЛЬНАЕ ВІНШАВАННЕ
ВЫСОКАПРААСВЯШЧЭННЕЙШАГА АРЦЕМІЯ,
АРХІЕПІСКАПА ГАРАДЗЕНСКАГА І ВАЎКАВЫСКАГА
Уваскрасенне Хрыстова бачыўшы,
паклонімся Святому Госпаду Іісусу,
Адзінаму бязгрэшнаму.
Крыжу Твайму пакланяемся, Хрысце,
І святое Уваскрасенне Тваё апяваем і славім.
ХРЫСТОС УВАСКРЭС!
Дарагія браты і сёстры, сардэчна віншую ўсіх вас са святам Светлага Хрыстова Ўваскрасення – Пасхай Гасподняй!
Пропаведзь хрысціянства “ўсім народам” (Мф. 28:19) першапачаткова была пропаведдзю аб Уваскрасенні Хрыста (Лк. 24:46-47). Апосталы казалі пра тую падзею, відавочцамі якой яны былі, пра тыя свае пачуцці, якія яны перажылі, знаходзячыся побач з Уваскрэслым Збавіцелем. Мы ведаем і верым, што Ўваскрасенне Хрыстова для нас – не проста нагода для штогадовага святкавання, а крыніца моцы і перамянення нашага жыцця.
Упэўненасць у тым, што Гасподзь наш Іісус Хрыстос, Сын Божы, паўстаў з мёртвых, аб’ядноўвае нас, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, сацыяльным стане, узроўні адукацыі, грамадскіх поглядах, культурных густах, у адзінае цэлае – у Царкву Хрыстову. І менавіта ў Царкве і разам з Царквой, прайшоўшы цяжкім, цярністым, але карысным для душы шляхам Вялікага посту, можна ў поўнай меры перажыць і радасць пасхальнай урачыстасці і лікавання, радасць збавіцельнай веры ў Бога Жывога, “Які збавіў нас ад смерці” (2 Кар. 1:10). І толькі ў Царкве нам адкрыецца сэнс нашых хваробаў і нягодаў, нашых пакут і нашага крыжа, бо праз пакуты і Крыж прайшоў і наш Адкупіцель – “Агнец Божы, Які бярэ на Сябе грахі свету” (Ін. 1:29), каб выратаваць нас Сваім Уваскрасеннем. У гэтым і ёсць асвячаючая, перамяняльная сіла пасхальнага святкавання.
Праз веру далучаныя да перамогі Жыцця над смерцю, “падтрымліваючы адзін аднаго з любоўю, стараючыся захоўваць адзінства духу ў саюзе міру” (Эф. 4:2-3), пераадолеем з яе дапамогай падзелы гэтага свету, пашкоджанага грэхападзеннем і скажонага грахом. Хрыстос Сваёй смерцю і Ўваскрасеннем перамог д’ябла, які ёсць “ілгун і айцец ілжы” (Ін. 8:44). Нават адзін чалавек, недатычны злу, хлусні і няпраўдзе, можа змяніць свет. А тым больш, калі з намі Бог, Які ўваскрашае з мёртвых!
Зноў і зноў віншую вас са святам Светлага Хрыстова Ўваскрасення. Няхай гэта пасхальная радасць, якую мы сёння адчуваем, будзе з вамі заўсёды і ўмацоўвае ў дні няпростых жыццёвых выпрабаванняў!
САПРАЎДЫ ЎВАСКРЭС ХРЫСТОС!
+АРЦЕМІЙ,
архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі
Пасха Хрыстова, 2021 г.
горад Гародня
У храмах праваслаўнай Царквы пройдуць традыцыйныя набажэнствы, але з захаваннем правілаў эпідэміялагічнай бяспекі, з абавясковым нашэннем масак і дыстанцыі.
Беларускае Радыё Рацыя