Віншаванні вертыкальшчыкаў на Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі
Беларусь – адзіная краіна ў свеце, якая ўчора адзначыла кастрычніцкі пераварот у Расеі ў 1917 годзе. У Беларусі 7 лістапада быў выхадны дзень, які называецца “Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі”.
Усе рэспубліканскія, абласныя і, найперш, раённыя газеты на першых старонках надрукавалі віншаванні з “гэтым святам” ад райвыканкамаў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Беларусі, членаў Савета рэспублікі нацыянальнага сходу. Многія райгазеты і сайты газет змясцілі помнікі Леніна. Але самым цікавым з’яўляюцца віншавальныя тэксты дэпутатаў і членаў Савета рэспублікі, мясцовых вертыкальшчыкаў. Вось што яны пішуць пра Кастрычніцкую рэвалюцыю і якое яна мае значэнне для Беларусі. Некалькі прыкладаў. Член Савета рэспублікі нацыянальнага сходу Віктар Лісковіч у віншавальным тэксце напісаў: “Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі – гэта сімвал пераўтварэння жыцця, памяць аб энтузіязме першых савецкіх будоўляў, шанаванне мужнасці тых, хто абараняў Радзіму, хто верыў і будаваў светлую будучыню. Сёння незалежная Беларусь ганарыцца сацыяльна арыентаванай эканомікай, эфектыўнай сістэмай дзяржаўнага ўпраўлення, развітой адукацыяй, навукай, медыцынай і культурай. Рэспубліка працягвае ўпэўнена ісці па шляху прагрэса, дабіваючыся ўсё новых поспехаў у пабудове грамадства, дзе галоўнай дзеючай асобай быў і застаецца чалавек…”.
Дзятлаўская раёнка надрукавала віншаванне ад Дзялаўскага райвыканкама і райсавета, але спісала радкі ў Віктара Лісковіча. І пад вялікім здымкам Леніна напісала: „Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі – гэта сімвал пераўтварэння жыцця, памяць аб энтузіязме першых савецкіх будоўляў, шанаванне мужнасці тых, хто абараняў Радзіму, хто верыў і будаваў светлую будучыню”. Так, як у Віктара Лісковіча.
Ваўкавыская раёнка таксама апублікавала віншаванне мясцовых вертыкальшчыкаў. У ім ёсць і такія радкі: “Дзякуючы Вялікаму Кастрычніку беларускі народ набыў дзяржаўнасць, стварыў эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял, збярог і абагаціў нацыянальную культуру…”. А без рэвалюцыі не збярог бы, атрымліваецца.
Мастоўскія вертыкальшчыкі ў сваім віншаванні адзначылі, што “атрымаўшы ў спадчыну ад СССР значны эканамічны патэнцыял, суверэнная Беларусь зберагла ўсё лепшае, што было створана ў тыя гады… У нашай краіне грамадзянам забяспечаны ўмовы для развіцця іх талентаў ва ўсіх сферах сучаснага жыцця”. Дзіўна!..
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянцін Семяняка ў сваім асабістым віншаванні падкрэсліў, што “З імем Кастрычніцкай рэвалюцыі мы звязваем шматлікія перамогі, здзяйсненні і працоўныя дасягненні нашага народа, якія дагэтуль працягваюць заставацца прадметам нашага асаблівага гонару…”. А без рэвалюцыі ў Петраградзе, выходзіць, дасягненняў не было б у Беларусі…
У Шчучыне да помніка Леніна ўсклалі кветкі і раённы ідэолаг Таццяна Цюсіна пажадала ўсім “упэўненасці і аптымізму для рэалізацыі намечаных планаў”. Можа ў ідэолагаў і ёсць аптымізм, а вось у простых людзей цяпер аптымізму мала.
Амаль аднолькавыя віншавальныя і трафарэтныя тэксты апублікавала Наваградская раёнка ад мясцовых вертыкальшчыкаў, якія адзначылі, што “дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі, беларускі народ здабыў дзяржаўнасць, стварыў эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял, збярог і ўзбагаціў нацыянальную культуру. Кастрычніцкая рэвалюцыя прынесла людзям свабоду – выбару, права і незалежнасць”. І такіх прыкладаў шмат. З іх вынікае, што, каб не рэвалюцыя ў Расеі, то, наогул, не было б Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя