Вінцук Вячорка: Атакуецца беларушчына



Крытычны ліст працуючай пенсіянеркі сярэдняй школы № 2 з горада Паставы Рэгіны Ластоўскай, надрукаваны ў газеце адміністрацыі прэзідэнта „СБ. Беларусь сегодня”, выклікаў хвалю абурэння з боку беларускай дэмакратычнай супольнасці.

У матэрыяле крытыкуецца ідэя стварэння беларускага нацыянальнага ўніверсітэта (пенсіянерка лічыць, што ён будзе „нацыяналістычным”), а таксама Таварыства беларускай мовы. Пенсіянерка нібыта ўдзельнічала ў адным са з’ездаў ТБМ і па яе словах бачыла, як яго ўдзельнікі крычалі „Жыве Беларусь!” выкідваючы пры гэтым руку ў нацысцкім вітанні.

Каментуе адзін з удзельнікаў апісанага ў лісце з’езда Вінцук Вячорка:

– У тэксце ўтрымліваецца абсалютна нахабны, проста касмічнага ўзроўню паклёп. Апісваецца з’езд Таварыства беларускай мовы, у якім браў удзел і я, як нейкі шабаш фашыстаў, якія ўскоквалі з нацысцкімі вітаннямі. Сотні людзей, удзельнікаў таго з’езду, дзякуй Богу жывыя дагэтуль, ёсць кінахроніка. Уявіць сабе нешта больш дзікае проста немагчыма. З’ездам кіраваў Ніл Гілевіч, з’езд складаўся з людзей абсалютна адказных, якія маюць цвёрдую дэмакратычную пазіцыю.

Што датычыць крытыкі стварэння  беларускага нацыянальнага ўніверсітэта, якую ініцыявала дэпутат Палаты прадстаўнікоў і старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім, то Вінцук Вячорка адзначае, што ў апублікаваным у „СБ. Беларусь сегодня” артыкуле атакуецца не столькі нацыянальная ВНУ, колькі сама беларуская ідэя:

– Тарпедаваць нацыянальны ўніверсітэт такім аглаблёвым чынам – гэта, па-мойму, абсалютна несувымерна, што называецца мэта і сродкі. Атакуецца наагул беларушчына, прасторы беларускай мовы, культуры, беларуская ідэнтычнасць, святыя пачуцці тых людзей, для якіх дарагое беларускае слова, дарагая беларуская тоеснасць, дарагая беларуская дзяржаўная незалежнасць.    

Як адзначае Вінцук Вячорка, весці публічную палеміку наконт апублікаванага ліста пенсіянеркі з Паставаў, ён лічыць вышэй за свой гонар, а вось ці адрэагаваць на матэрыял юрыдычна, пра гэта ён збіраецца параіцца з калегамі.

Стала вядома, што старшыня ТБМ Алена Анісім накіравала ў рэдакцыю газеты свой ліст з прапановай галоўнаму рэдактару сустрэцца і абмеркаваць стварэнне Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта замест таго, каб карыстацца старымі савецкімі метадамі публікацыі даносаў і паклёпаў. 

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя